14 верасня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прыбыў у Шаркаўшчыну, каб разам з мясцовымі вернікамі адзначыць парафіяльную ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа.
Звяртаючыся з прывітальным словам да прысутных, пробашч парафіі ксёндз Віктар Сініцкі SCJ нагадаў, што збіраемся ў святыні, каб углядацца ў Езуса, Які з любові да кожнага з нас ахвяруе Сябе Свайму Айцу, і прыбіты да крыжа, каб мы мелі жыццё вечнае.
Тэму крыжа прадоўжыў у сваёй гаміліі біскуп Алег. Ардынарый перасцярог ад знявагі крыжа праз нашэнне ў якасці ўпрыгожвання ці татуіровак, і падкрэсліў, што “разуменне годнасці гэтага знаку павінна прысутнічаць”.
Іерарх узгадаў старонкі нашай гісторыі, якія павінны быць урокам. Сёлета ў нашым грамадстве азначаем чарговую гадавіну перамогі ў Другой сусветнай вайне, якая забрала вельмі шмат людскіх жыццяў. Найбольш загінула людзей у былым Савецкім Саюзе. Біскуп папрасіў параўнаць факты. “А што здарылася перад вайной? На нашай тэрыторыі павырывалі і панішчылі крыжы. Пачысцілі тэрыторыю ад Бога. І як наступства – найбольш людзей на гэтай тэрыторыі загінула. Тут было пекла. І вось нам знак і моц крыжа. І чаму варта да яго вяртацца і яго ставіць на вуліцах і ў нашым сэрцы, каб у жыцці ўжо сёння не было пекла”.
Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, малітва літаніяй да Святога Крыжа, працэсія вакол касцёла і асвячэнне крыжа на прыкасцельнай тэрыторыі.
“Там дзе мы будзем сустракаць крыж, а перадусім хай ён стаіць у нашым сэрцы і жыцці, няхай стане нашай абаронай, надзеяй і знакам збаўлення”, — пажадаў на развітанне біскуп Алег.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота