Дыяцэзія Ганалулу рыхтуецца адсвяткаваць 200-годдзе каталіцкай веры на Гаваях

Ганалульская дыяцэзія рыхтуецца адзначыць гістарычны момант: 200-годдзе прыбыцця каталіцызму на Гаваі ў Злучаных Штатах. Дыяцэзія абвясціла аб святкаванні двухсотгоддзя падчас прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня.

Урачыстасці будуць адлюстроўваць падзеі 7 ліпеня 1827 года, калі французскія манахі з Кангрэгацыі Святых Сэрцаў Езуса і Марыі, першыя каталіцкія місіянеры на астравах, прыбылі на Гаваі.

Біскуп Лары Сільва, які сыходзіць на пенсію гэтым летам, сказаў, што святкаванне «не толькі пра першых місіянераў», але і ўшаноўвае «жыхароў Гаваяў, якія прынялі каталіцкую веру і жылі ёю на працягу некалькіх пакаленняў. Яны атрымалі гэтую веру і хацелі падзяліцца ёю з іншымі, як мы робім сёння».
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 200-годдзю каталіцкага жыцця на астравах, адбудуцца 9 ліпеня ў памяць аб Маці Божай Міру, апякунцы дыяцэзіі і кафедральнай базіліцы Маці Божай Міру.

Біскуп Сільва паведаміў, што ў гэты дзень святыя Імшы будуць праводзіцца ў катэдры Святой Тэрэзы ў Ганалулу і адначасова ў парафіях на шасці іншых астравах.
17 чэрвеня біскуп сказаў вядучай EWTN News Nightly Вераніцы Дудо, што ўрачыстасці адбываюцца «не толькі для таго, каб адзначыць 200 гадоў, але і каб дапамагчы нам стаць лепшымі евангелізатарамі ў культуры, у якой мы жывём, быць місіянерамі не толькі для свету, але і для людзей тут, на Гаваях». Ён выказаў надзею, што дзякуючы гадавому святкаванню вернікі «ацэняць намаганні місіянераў, якія прыехалі сюды».

Іерарх падкрэсліў, што хоча, каб сучасныя вернікі ўсведамлялі, што яны таксама пакліканы быць місіянерамі, і што гэты шлях не заўсёды будзе лёгкім. Будзе шмат радасці, але і шмат выпрабаванняў. Аднак гэтыя выпрабаванні можна пераадолець з дапамогай Госпада.

Ён патлумачыў, што гавайская культура на момант прыбыцця місіянераў «была вельмі рэлігійнай культурай», таму місіянеры «не пачыналі з нуля».

Аднак карэнныя гавайцы, «несумненна, не ведалі Хрыста. Таму гэта быў цяжкі шлях, але зроблены з мужнасцю і прынёс шмат пладоў», — растлумачыў ён. Ён таксама нагадаў, што праз два гады пасля прыбыцця каталіцызму на Гаваі ён быў забаронены на 10 гадоў.

«Нягледзячы ні на што, вера квітнела», — сказаў ён.

У рамках падрыхтоўкі да двухсотгоддзя гістарычная кафедральная базіліка Маці Божай Міру рэстаўруецца. Менавіта там быў пасвечаны адзін з самых вядомых святых Гаваяў, святы Даміян з Малакаі.

misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку