Міжнародны астранамічны саюз надаў двум новым астэроідам імёны славутых каталіцкіх законнікаў – спаведніка святой сястры Фаўстыны Кавальскай і італьянскага манаха-астранома.
Як паведамляецца ў апошнім выпуску бюлетэня Міжнароднага астранамічнага саюза, новыя астэроіды названы ў гонар спаведніка святой Фаўстыны ксяндза езуіта Юзафа Андраша, беатыфікацыйны працэс якога распачаўся 1 лютага 2025 года, і айца барнабіта Францыска Марыі Дэнца, які быў італьянскім астраномам і метэаролагам.
Астэроід, афіцыйная назва якога (722063) Андраш, быў адкрыты 3 мая 2015 года літоўскім астраномам і першаадкрывальнікам шматлікіх астэроідаў доктарам Казімерасам Чэрнісам і ксяндзом езуітам Рычардам Б. Бойлам з Ватыканскай абсерваторыі. Адкрыццё было зроблена з дапамогай ватыканскага тэлескопа VATT, які знаходзіцца на гары Грэм у штаце Арызона.
Беручы да ўвагі тое, што значная частка астранамічных адкрыццяў адбылася дзякуючы Ватыканскай абсерваторыі, няма нічога новага ў тым, што нябесныя целы называюцца імёнамі езуітаў-астраномаў. Іх прозвішчамі названа ўжо больш за сорак нябесных цел. Тым не менш, выключэннем у іх шэразе з’яўляецца прозвішча ксяндза Андраша SI, які не быў звязаны з астранамічнай супольнасцю.
Айцец Дэнца, у сваю чаргу, быў вучнем ксяндза Анджэла Секі, аднаго з заснавальнікаў астрафізікі. Айцец барнабіт, між іншым, з’яўляецца заснавальнікам Турынскай астранамічнай абсерваторыі і ініцыятарам прац, якія прывялі да стварэння Італьянскага метэаралагічнага таварыства.
Ян Глінскі, беларуская рэдакцыя Vatican News
