8 мая ў семінарыйным касцёле Каралевы Апосталаў у Алтажаве (Польшча) прэзбітэрскае пасвячэнне ў супольнасці палатынаў прынялі два беларусы — дыякан Руслан Пецкелюн SAC з Воранава (Гродзенская дыяцэзія) і дыякан Павел Зайцаў SAC з Талачына (Віцебская дыяцэзія).
Пасвячэнне чатыром кандыдатам да святарства ўдзяліў дапаможны біскуп Варшаўскай архідыяцэзіі Рафал Маркоўскі.
Іерарх, звяртаючыся да дыяканаў, нагадаў, што ў Вячэрніку Хрыстус аб’явіў сваім апосталам новыя запаведзі любові і назваў іх сябрамі, а таксама ўстанавіў Эўхарыстыю.
Правінцыял палатынскай правінцыі Хрыста Валадара кс. Зянон Ганас SAC адзначыў падчас Імшы, што задача святара – падрыхтоўка трону для Найсвяцейшай Тройцы ў душах, адкупленых Крывёю Баранка Божага.
У час жыцця ў родным доме, пастулату, навіцыяту і шасці гадоў семінарыйнай фармацыі новапрэзбітэры з вялікай ахвотай рыхтаваліся да гэтага дня, калі сталі Alter Christus (другім Хрыстом) і пачалі шлях, каб праз святарства заўсёды быць разам з Езусам.
Дарыюш Шчэпанік SAC, grodnensis.by
