Душа ўсё чуе і ўсё бачыць…

Мне не раз даводзілася чуць пра тое, што на твары нябожчыка з’яўлялася ўсмешка пасля таго, як святар альбо вернікі маліліся каля яго труны. А нядаўна і сама ўпэўнілася ў гэтым, калі была на пахаванні 50-гадовага мужчыны з маёй радні. Гэты чалавек быў католікам, жыў у шлюбе з жонкаю, меў шасцёра дзяцей, але, на жаль, веру сваю не практыкаваў: касцёл наведваў толькі падчас шлюбу альбо пахавання кагосьці з родных. І вось сам загінуў, калі быў не зусім цвярозы. Вельмі цяжка было глядзець на твар гэтага памерлага: у ім застыў боль адчаю, страху, пакінутасці…

Родныя і знаёмыя вельмі шчыра маліліся за яго душу: Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Крыжовы шлях Езуса Хрыста, псальмы, адбылася святая Імша ў яго інтэнцыі. Праз нейкі час маці нябожчыка, вельмі добрая і пабожная пані Ядвіга, ускрыкнула: «Людзі, можа я аслепла ад гора, але мне здаецца, што Мечык усміхаецца!» І гэта была праўда! Твар яе сына ў труне цалкам змяніўся: ён прасвятлеў і на ім з’явілася далікатная ўсмешка.

Благаслаўлёная Анна Кацярына Эммерых

Як і што адбываецца пасля смерці — вялікая Божая таямніца, але ёсць святыя і містыкі, якім яна была прыадчыненая: напрыклад, благаслаўлёная Анна Кацярына Эммерых у сваёй кнізе «Таямніца апошніх часоў» піша: «Моц і вынікі заступніцкай малітвы справядлівых людзей на зямлі і ў небе вельмі вялікія. Я бачыла душы, якія ўжо віселі над пякельнай безданню і якіх, дзякуючы малітве, затрымлівала нейкая нябачная рука…».

Вельмі цікавы прыклад са свайго святарскага служэння расказаў нядаўна мінскім легіянерам Марыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Як святара яго аднойчы запрасілі да цяжкахворага чалавека, аднак пакуль ксёндз ехаў, гэты мужчына памёр. Ксёндз Юзаф вырашыў усё ж удзяліць поўнае адпушчэнне правінаў, але перад гэтым звярнуўся да мужчыны са словамі: «Калі ты мяне чуеш, дай знак». І гэты чалавек паварушыў рукою. Святар удзяліў яму апошняе паяднанне з Богам…

Марыя Сімма

Гэты прыклад яскрава сведчыць пра тое, што пасля фізічнай смерці чалавек нейкі час яшчэ жыве. Родныя і тыя, хто знаходзіцца побач, павінны больш маліцца, а не кідацца адразу ж у вырашэнне матэрыяльна-побытавых справаў. Важна памятаць, што душа ўсё чуе і ўсё бачыць. Пра гэта ў сваіх нататках піша благаслаўлёная Анна Кацярына Эммерых, а таксама вядомыя містычкі Марыя Сімма з Аўстрыі і Фулла Хорак з Польшчы. Яны пішуць, што да хвіліны пахавання душа не адыходзіць з зямлі. Гэта апошнія моманты перад караю альбо ўзнагародаю, калі душы яшчэ дазволена нябачна знаходзіцца сярод людзей, і ў гэты час вельмі важна шмат маліцца, быць міласэрнымі да тых, хто мае ў нечым патрэбу. Душа вельмі пакутуе з-за таго, што не можа сказаць сваім блізкім, каб не плакалі, бо слёзы і смутак не прыносяць ёй аніякай палёгкі, наадварот, абцяжарваюць і без таго няпросты пераход да вечнасці. Таму душа, якая не мае малітоўнай падтрымкі з боку родных, адчайна шукае яе сярод чужых і незнаёмых людзей, і, калі знойдзе такога чалавека, вельмі яму ўдзячная і нават стараецца ўмацаваць яго ў гэтай інтэнцыі: трывае пры гэтым чалавеку да апошняй хвіліны і ўжо не вяртаецца да родных і блізкіх, якія яе засмуцілі, паказаўшы толькі эгаізм сваіх зямных пачуццяў.

У Святым Пісанні ёсць шмат месцаў, у якіх гаворыцца пра чысцец. Адно з іх чытаем у Евангеллі ад Лукі (12, 58): «Калі ідзеш з праціўнікам тваім да кіраўніка, то па дарозе пастарайся па­збавіцца яго, каб ён не прывёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе дазорцу, а дазорац не ўкінуў цябе ў вязніцу». Заступніцкая малітва — гэта менавіта тая дапамога, праз якую душа пазбаўляецца праціўніка, які можа ўкінуць яе ў вязніцу.

На заканчэнне хочацца прывесці цікавы факт. У ліпені 2009 года праваслаўны свет абляцела навіна: пасля адыходу ў вечнасць афонскага старца Іосіфа Ватапедскага адбыўся першы цуд — на твары памерлага заяснела шчаслівая ўсмешка. Сталася гэта не адразу, а праз нейкі час пасля яго скону. Яго браты ў манастве ў адзін голас гавораць, што ўсмешка гэтага благаслаўлёнага чалавека — сведчанне шчаслівага вечнага жыцця, якое ён заслужыў.

Няхай жа міласэрны Езус, Найсвяцейшая Панна Марыя, а таксама душы, якія церпяць у чыстцы, дапамогуць і нам усім дасягнуць шчаслівай вечнасці!

Галіна Калевіч, ave-maria.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі