На пачатку 2021 года, з 4 па 6 студзеня ў Оршы адбыўся чарговы курс «Закхей» для моладзі. На гэты раз адказнымі за сустрэчу былі айцец Ілля Саўчанка MIC і сястра Лілія Дарожка SJE. Добрай традыцыяй стала сумеснае служэнне айцоў марыянаў і сясцёр эўхарыстак, якія выконваюць наказ свайго духоўнага Айца, благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча. Ён дбаў аб навучанні дзяцей і моладзі праўдам веры, заахвочваў духавенства клапаціцца аб духоўным развіцці маладых людзей.
Як паведамляе сайт сясцёр эўхарыстак, нягледзячы на папярэднюю адмену, курс усё ж адбыўся, але з выкарыстаннем новага фармату — анлайн-сустрэчы з Палінай Грыб з Жодзіна і з сястрой Таццянай Гмыза SJE, якая на сённяшні дзень служыць у Літве. Незвычайным для гэтага курсу стала наяўнасць аніматараў — дзяўчат з Жодзіна.
На сустрэчу маладыя людзі прыехалі з Полацка, Наваполацка, Мінска, Барысава, былі таксама ўдзельнікі з Оршы.
Як і на кожным «Закхеі», час быў напоўнены малітвай, канферэнцыямі, працай у групах і гульнямі. Канферэнцыі ў анлайн-фармаце праводзілі айцец Ілля Саўчанка МІС і Паліна Грыб з Жодзіна. Кульмінацыяй кожнага дня была супольная святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой кожны мог знайсці супакой і адказы на свае жыццёвыя пытанні. Вечары праходзілі ў сяброўскай і вясёлай атмасферы, дзе кожны адчуваў сябе як у сям’і. Удзельнікі ад’язджалі з надзеяй вярнуцца зноў у хуткім часе.