Дрысвяцкая парафія прывітала новага пробашча

14 чэрвеня парафія Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах (Відзаўскі дэканат) прывітала свайго новага пробашча кс. Івана Кароткіна, які афіцыйна прыняў апеку і клопат над даручанай яму супольнасцю. Да гэтага ён апошнія чатыры гады служыў вікарыем у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, дзе займаўся актыўнай працай з міністрантамі.

Перад св. Імшой віцэ-дэкан Відзаўскага дэканату кс. Эдвард Ахрамовіч зачытаў дэкрэт аб вызваленні з пасады пробашча ў Дрысвятах кс. Генадзя Ляўкова. Вернікі падзякавалі святару за служэнне, які на працягу шасці гадоў нёс Божае Слова на дрысвяцкай зямлі.

Канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. канонік Віктар Місевіч прадставіў новага пробашча і заклікаў парафіянаў палюбіць яго і атуліць сваёй апекай, а таксама шанаваць і слухаць: “Вельмі важна, каб вы ўсёй супольнасцю будавалі Божае Валадарства ў сваёй парафіі, каб маглі перамагчы розныя непаразуменні і складанасці”. Затым быў зачытаны дэкрэт аб прызначэнні ксяндза Івана Кароткіна пробашчам Дрысвяцкай парафіі і вернікі прывіталі новага пробашча.

Перад пачаткам Імшы ксёндз Іван прамовіў урачыстае вызнанне веры і даў прысягу вернасці. Адпаведныя дакументы былі падпісаныя на алтары.

“Гэта мой першы вопыт, быў толькі вікарыем. Спадзяюся, што спрацуемся разам з вамі. Будзем адной сям’ёй і ісці ў адным кірунку да Божага Валадарства, клапоцячыся пра душу кожнага – маю і вашу. Пойдзем разам, нага ў нагу, і Бог нам у гэтым дапаможа”, — падзяліўся святар.

Затым распачалася Імша, падчас якой новапрызначаны пробашч прамовіў гамілію звярнуўшы ўвагу на словы “Дарма атрымалі, дарма давайце” (Мц 10, 8б) “Для кожнага з нас Бог падрыхтаваў дары збаўлення і пабожнасці і хоча, каб кожны быў збаўлены. Мы павінны іх выкарыстоўваць на хвалу Пана, каб набліжаць Божае Валадарства. Хто жыве Евангеллем, той блізкі Божага Валадарства і можа чыніць незвычайныя рэчы”.

На заканчэнне Імшы адбылося чэрвеньскае набажэнства і бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам.

З гісторыі. Дрысвяцкая парафія была створана ў 1514 г.  У выніку вайны будынак касцёла згарэў і быў пабудаваны ў 1725 годзе на новым месцы, на беразе возера Дрысвяты, там, дзе ён стаіць і зараз. Храм прастаяў амаль дзвесце гадоў і быў разбураны ў Першую сусветную вайну, бо непадалёк ад Дрысвятаў праходзіла лінія фронту.

У 1927–1929 гадах храм быў збудаваны на тым самым месцы па праекту маладога архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Ён выкарыстаў новую на той час тэхналогію: храм збудаваны з брусоў, якія злучаліся між сабой пазамі без моху. Будавалі яго зусім маладыя хлопцы, але зрабілі яго вельмі добра, будынак добра захаваўся да нашых дзён.

Падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе храм дзейнічаў. Але часы ваяўнічага атэізму яго не пашкадавалі – у 1963 годзе касцёл быў зачынены, пачалося рабаванне і знішчэнне касцёла. Аднаўленне храма пачалося толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі сюды прыйшлі працаваць айцы-салятыны.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі