Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі накіравалі адкрыты ліст Папу Францішку, патрыярху Барталамею І, Далай-Ламе і некаторым ісламскім і юдэйскім лідарам з просьбай далучыцца да іх закліку аб спыненні агню напярэдадні Алімпійскіх гульняў.
Як паведаміла італьянская газета Il Messaggero, адкрыты ліст падпісалі каля трыццаці лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Яны заклікалі да неадкладнага перамір’я ва Украіне і ў Газе, абмену ваеннапалоннымі, вызвалення закладнікаў, выдачы целаў загінулых і пачатку перамоў.
«Няхай мільярды людзей, якія будуць глядзець Гульні, далучацца да вас у пошуках міру. Давайце зробім так, каб нашы дзеці перажылі нас”, — напісалі нобелеўскія лаўрэаты.
«Крывавая вайна – канфлікт паміж Расіяй і Украінай – упершыню за дзесяцігоддзі разгортваецца на еўрапейскім кантыненце. Наступствы гэтага зацяжнога канфлікту, які ідзе трэці год, ужо адгукнуліся ў розных краінах, выклікаўшы рост голаду ў краінах Афрыкі, міграцыйны крызіс у Еўропе, выкід шкодных рэчываў, якія ў выніку кожнай бамбардзіроўкі разам з вадой, ежай і малаком дасягаюць людзей на ўсіх шасці кантынентах. Чакаецца, што колькасць забітых і параненых у цэнтры Еўропы да канца гэтага года перавысіць мільён чалавек, упершыню з часоў Другой сусветнай вайны», — напісалі нобелеўскія лаўрэаты.
«За час гэтага канфлікту абаронныя бюджэты ва ўсім свеце павялічыліся настолькі, што параўнальныя з рэсурсамі, неабходнымі для запаволення глабальнай змены клімату. Забіваючы адзін аднаго, людзі таксама руйнуюць і планету”, — адзначаецца ў лісце.
“Рост выдаткаў на ўзбраенне параўнальны з выдаткамі, якія на восемдзесят гадоў выкаранілі б голад на ўсёй планеце. Удумайцеся: ніхто б не галадаў, не паміраў ад знясілення, ні адно дзіця не засталося б без ежы. Замест гэтага рэсурсы трацяцца не на падтрыманне жыцця, а на распаўсюджанне смерці», — гаворыцца ў лісце.
Ахвярамі вайны становяцца пераважна людзі ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў, якія маглі б жыць яшчэ каля чатырох дзясяткаў гадоў. Такім чынам, кожныя 100 тысяч забітых людзей азначаюць 4 мільёны непражытых гадоў: “гэта нязробленыя адкрыцці, ненароджаныя дзеці, пакуты сірот”, — напісалі аўтары ліста.
«Мы павінны дзейнічаць. Мы просім вас зрабіць гэта! Мы просім вашай дапамогі, каб заклікаць да спынення агню і мэтанакіраваных дзеянняў. Спыніце агонь! Пакладзіце канец гібелі людзей! Прадухіліце ядзерную катастрофу!” — заклікалі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі.
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News
