Цяжарнасць і шлюб: пытанне святару

“Хвала Хрысту. Мая знаёмая хацела ўзяць шлюб. Дзяўчына ўжо была цяжарная. Аднак святар не згадзіўся ўдзяліць сакрамант. Таму ў іншай парафіі бралі шлюб. Цікава, ці можа святар не даваць у такім выпадку шлюб? Адкажыце, калі ласка”.

На пытанне адказвае айцец Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Дзякуй за пытанне, якое закранае адну з найважнейшых рэчаіснасцей чалавечага жыцця – сужэнства і сям’ю.

Каштоўнасць сужэнства і сям’і

Шлюб – гэта вельмі сур’ёзны выбар маладых людзей, якія вырашаюць дзякуючы ласцы Божай жыць разам у долі і нядолі ажно да смерці. У сувязі з гэтым важна, каб рашэнне нарачоных пра сумеснае жыццё было прынятае ў поўнай свядомасці і свабодзе, не паспешліва ды не пад уплывам знешніх фактараў, напрыклад, такіх, як прымус ці страх. Каталіцкі Касцёл перакананы, што сужэнства – гэта не толькі саюз, які вынікае з самой натуры чалавечай асобы, але асаблівая годнасць, дадзеная самім Богам. Ва ўводзінах да Парадку цэлебрацыі сужэнства чытаем: “Сужэнскі саюз, праз які мужчына і жанчына ўтвараюць паміж сабою супольнасць на ўсё жыццё, набывае сэнс і моц ад акту стварэння, але, будучы сакрамантам Новага Запавету, ён уздымаецца дзеля хрысціянаў да вышэйшай годнасці”. Такім чынам разумеем, што сужэнства ўзнікае, калі мужчына і жанчына (маладыя) свабодна аддаюць і прымаюць узаемна адно аднаго. Кажам тут пра свабоду, якая з’яўляецца неад’емнай умовай для заключэння шлюбу, шчаслівага жыцця ў будучыні, дзеля дабра саміх сужэнцаў і іх дзяцей, а таксама дасягнення вечнага шчасця ў нябеснай хвале.

Цяжарнасць – не перашкода для сужэнства

З пытання вынікае, што маладыя людзі, якія звярнуліся да святара з просьбай аб сакраманце шлюбу, сустрэліся з адмовай. Ведаем таксама, што дзяўчына была цяжарнай. Аўтар пытання мяркуе, што святар адмовіў у сужэнстве менавіта па прычыне цяжарнасці. Вельмі складана, абапіраючыся на пададзеныя звесткі, адназначна адказаць на пастаўленае пытанне. Адно можна сказаць з упэўненасцю: цяжарнасць сама па сабе не з’яўляецца перашкодай да сужэнства. Касцёл безупынна абвяшчае і ахоўвае каштоўнасць ды годнасць кожнага чалавечага жыцця. Ёсць маладыя людзі, якія ідуць да шлюбу, кіруючыся прагненнем, каб зачатае ўжо дзіця нарадзілася і расло ў атмасферы любові ў поўнай сям’і. Жыццёвы вопыт паказвае, што такія сужэнствы часта застаюцца шчаслівымі ўвесь час. Бываюць, аднак, выпадкі, калі маладыя людзі, часта пад уплывам сваіх блізкіх, вырашаюць заключыць сужэнства ў сувязі з цяжарнасцю.

Цалкам іншая сітуацыя, калі цяжарнасць нейкім чынам прымушае ўзяць шлюб дзяўчыну і хлопца, якія насамрэч або не маюць жадання заключаць сужэнскі саюз або не кахаюць адно аднаго па-сапраўднаму. У дадзеным выпадку няма поўнай свабоды і згоды, што ў сваю чаргу можа быць перашкодай для заключэння сужэнства. Калі б святар, які дапамагае маладым адпаведным чынам падрыхтавацца да шлюбу, выявіў такія акалічнасці, то ён не павінен згадзіцца на шлюб. Бывае і так, што родныя прымушаюць маці і бацьку зачатага жыцця заключыць сужэнства, каб не было сораму.

Безумоўна, аргументацыя можа быць і іншай. Калі маладыя насамрэч не кахаюць адно аднаго, аднак па прычыне пашаны да сваіх бацькоў вырашаюць узяць шлюб, то гэта можа прывесці да сумных вынікаў. Святар, які выявіць падобныя акалічнасці, не можа даць згоды на шлюб. На прыведзеных прыкладах ясна бачна, што перашкодай да шлюбу не з’яўляецца цяжарнасць, але яе інструментальнае выкарыстанне, што ў сваю чаргу ў будучыні магло б адмоўна паўплываць як на жыццё саміх сужэнцаў, так і іх дзяцей.

Мы не ведаем, як было ў дадзенай сітуацыі. Спадзяюся, што заключаны сужэнскі саюз тых, каго датычыць пытанне, будзе трывалым, шчаслівым, напоўненым любоўю ды павагай адно да аднаго і адкрытым на дзеянне Божай ласкі. Ад усяго сэрца ім гэтага жадаю! Божа, блаславі!

Шлюб па-за сваёй парафіяй

Другая частка пытання датычыць заключэння сакраманту шлюбу ў іншай парафіі. Згодна з заканадаўствам Касцёла, сужэнства павінна заключацца ў парафіі, дзе хоць адзін бок мае пастаяннае або часовае месца жыхарства (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 1115). Такім чынам, у звычайным парадку нарачоныя могуць заключыць сужэнскі саюз ў парафіі маладога або маладой. Калі ж па нейкай прычыне яны хочуць узяць шлюб па-за сваёй парафіяй, то павінны звярнуцца да свайго пробашча з просьбай пра дазвол, які называецца ліцэнзіяй. Карацей кажучы, сужэнства не можа быць заключана па-за парафіяй нарачонага ці нарачонай без адпаведнага дазволу пробашча іх парафій. Складана адказаць, чаму ў адной парафіі святар не згадзіўся на шлюб, а ў іншай паблаславіў маладажонаў. Мы маем права думаць, што прычынай не была цяжарнасць. Не ведаем таксама, ці нарачоныя належалі да парафіі, у якой адбыўся шлюб, аднак мяркуем, што гэта так, бо ў іншым выпадку, пробашч не мог бы даць дазвол.

Вартасць малітвы аб святасці сужэнцаў і сям’і

На заканчэнне нагадаем, што сужэнства – гэта сакрамант любові і сувязі, якая ажыццяўляецца, калі жонка і муж разам моляцца, працуюць, размаўляюць і калі яны клапоцяцца пра жыццё сваё, а таксама сваіх дзяцей. Таму перад заключэннем сужэнства нарачоным і душпастырам трэба пераканацца, што нічога не перашкаджае яго сапраўднасці і годнасці. Вернасць, узаемная пашана і падтрымка на працягу ўсяго сумеснага жыцця дзякуючы ласцы сакраманту дапамагаюць сужэнцам неперарыўна кахаць адно аднаго. Паколькі сужэнства ёсць дарам Божага Провіду, то неабходна памятаць і пра яго духоўнае вымярэнне і аднясенне да Бога. Сужэнцы праз малітву, удзел у сакрамантальным жыцці Касцёла, літургіі і набажэнствах набліжаюцца да Бога, а таксама да сябе. Касцёл пастаянна моліцца за сужэнствы і сем’і, разумеючы, што яны патрабуюць Божай ласкі на працягу ўсяго жыцця, каб як найлепш здзейсніць план Самога Бога адносна чалавецтва. Заахвочваю чытачоў “Каталіцкага Весніка” штодня ўзносіць малітвы праз Хрыста, нашага Пана, пра святасць сям’і ў нашай краіне і ва ўсім свеце.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі