На працягу апошніх год добрай традыцыяй стала арганізоўваць велікапосныя начныя чуванні моладзі. Гэта выдатная нагода глыбей перажыць Вялікі пост, наблізіцца да таямніцаў мукі і смерці Езуса Хрыста, каб разам з Ім прыйсці да пустой магілы падчас Змёртвыхпаўстання.
Чуванне адбылося з 18 на 19 сакавіка ў архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Спатканне распачалося святой Імшой, якую ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Напачатку Эўхарыстыі іерарх прывітаў прысутных біскупа Юрыя Касабуцкага, святароў, кансэкраваных асобаў і, канешне ж, моладзь.
Падчас гаміліі, арцыбіскуп Юзаф звярнуўся да моладзі са словамі: “Тое, што вы сёння сабраліся тут, на чуванні азначае, што Пан спаглянуў на вас. Пан шукаў вас па школьных класах і аўдыторыях універсітэтаў, за станкамі і на іншых месцах працы. Ён Вас шукаў, Ён вас выбраў, Ён узглянуў на вас. Гэта дадае радасці, але таксама і адказнасці”.
Разважаючы над Евангельскай гісторыяй аздараўлення сляпога, іерарх зазначыў, што і ў часы Хрыста і ў наш час ёсць людзі, якія бачаць фізічна, але не распазнаюць Хрыста. Але Езус аздараўляе. Ён дапамагае невідушчаму чалавеку бачыць свет. І таксама аздараўляе душу, дазваляючы бачыць Божую ласку.
Напрыканцы літургіі моладзь павіншавала мітрапаліта Юзафа з імянінамі.
Пасля святой Імшы моладзь чакала насычаная малітоўная праграма: малітва псальмамі з канферэнцыяй на тэму распазнання Божай Волі, якую правяла сястра Дар’я Еўтухоўская FMA, Святы Ружанец, праца ў групах, інсцэніраваны Крыжовы шлях, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
Гэта быў час спаткання. Спаткання з сябрамі і аднадумцамі, новыя знаёмствы, вясёлыя размовы. Але, найперш, кожны ўдзельнік мог спаткацца з Езусам Хрыстом і Яго Маці, Якая была побач з Сынам усё жыццё, а зараз заступаецца за нас у Небе.
Сваімі ўражанні ад удзелу ў начным чуванні падзяліліся некаторыя ўдзельнікі:
Рэната Аракелян, 18 год, трэнер па сквошу і тэнісу:
У чуванні ўдзельнічаю, здаецца, ужо раз шосты, але адчуваецца, быццам 106-ты.
Такія спатканні, безумоўна, патрэбныя. Гэта вельмі добры спосаб выказаць сваю любоў да Хрыста, бо мы ахвяруем свой час, які маглі прысвяціць сну і адпачынку. Людзі, якія рэгулярна наведваюць чуванні, для мяне сапраўдныя экстрэмалы.
На гэтым чуванні мяне крануў Крыжовы шлях. Па-першае: гэта, на дадзены момант, адзін з самых лепшых спосабаў хаця б паспрабаваць уявіць, праз якія мукі прайшоў наш Пан. Па-другое – сёлета нашая моладзь рыхтавала яго, таму асабліва адчувалася зробленая праца, клопат і жаданне аб’яднаць усіх праз прыклад сапраўднай і чыстай любові Хрыста.
Напрыканцы чування, канешне, хочацца спаць, але агульныя ўражанні дакладна не дадуць гэтага зрабіць. Начное чуванне — гэта падзея, якую трэба менавіта перажыць, бо словаў пасля вельмі мала.
Анастасія Кардаш, 17 год, студэнтка медкаледжа:
Я вучуся на першым курсе, менавіта на такой сустрэчы была ўпершыню.
Чуванне — гэта не проста малітва, спевы, разважанні; гэта пацвярджэнне таго, што Бог — сапраўдная Любоў!
Найбольш мяне ўразіў Крыжовы шлях, які быў не проста праходжаннем стацый Мукі Хрыста, а была невялікая пастаноўка, на якой можна было пачуць, як сам Езус прамаўляе да мяне.
Асноўная думка, якая адбілася ў маім сэрцы пасля начнога чування: “Воля Божая — не нейкі план, які Бог напісаў для мяне, гэта тое, што я ствараю разам з Ім!”. Лічу, што начныя чуванні проста необходныя, яны дапамагаюць зразумець, што ўсе перашкоды для нас згодна з Божай воляй.
Аліна Макляк, 21 год, студэнтка БДПУ:
У чуванні удзельнічаю трэці раз. Такія спатканні вельмі патрэбныя ў сучасным свеце, яны даюць час каб спыніцца і паглядзець на свае жыццё з другога боку, даюць розныя новыя думкі для роздуму. Як толькі даведалася пра велікапоснае чуванне, адразу вырашыла што буду там, нават і не было другіх варыянтаў.
Пасля малітоўнай ночы з’явілася шмат думак і пытанняў, на якія яшчэ прыйдзецца знайсці адказ, таксама знайшла адказы на свае пытанні, якія былі дагэтуль.
Маргарыта Пятліцкая, 20 год, студэнтка, працуе:
Каб пайсці на чуванне, трэба падрыхтавацца не толькі фізічна — паклапаціцца аб цёплай вопратцы, ежы і г.д. Але і духоўная гатоўнасць грае важную ролю. Калі ты не ведаеш, дзеля чаго прыходзіш, то лепш увогуле не ісці.
Чуванне — гэта выпрабаванне на вытрываласць, пачуццё адказнасці перад Богам і самім сабой.
Восенню мяне запрасілі на Залатагорскае чуванне, бо патрэбная была дапамога са спевамі. Паглядзеўшы, як гэта ўвогуле ўсё праходзіць, вырашыла — наступны раз таксама пайду.
Запомніліся святая Імша, Крыжовы шлях і адарацыя. Асабліва вельмі краналі спевы. Адна справа, калі ты слухаеш іх у касцёле, седзячы ў лаўках. Іншая — калі ты штодня на працягу некалькіх тыдняў рэпетыруеш, даводзячы гучанне да ідэалу. У такія моманты пачынаеш яшчэ больш разумець, для чаго, а дакладней, для Каго гэта ўсё робіцца.
Пасля чування думкі, на жаль, аб працы, бо адразу ж пасля яго завяршэння я раніцай пайшла на яе. Праўду кажучы, такія падзеі, як моладзевыя малітоўныя сустрэчы, заўсёды застаюцца цёплымі і прыемнымі ўспамінамі. Застаюцца літаральна да наступнага чування, бо кожны раз не падобны на апошні.
Юлія Літвінковіч, 18 гадоў, студэнтка:
Начное чуванне — гэта добрая магчымасць прысвяціць свой час на малітву, суцішыцца, нікуды не спяшацца. Цэлая ноч для Бога — гэта якраз тое, чаго час ад часу не хапае. Таксама моладзевае чуванне — гэта заўсёды пра адносіны: новыя знаёмствы, сустрэчы з сябрамі і проста быццё разам.
Удзел у чуванні асацыюецца ў мяне з двума словамі: сустрэча і служэнне. Пад сустрэчай я маю на ўвазе спатканне з Хрыстом, калі ты можаш крыху больш, чым звычайна, прысвяціць час на размову з Ім, а таксама спатканне з іншымі маладымі людзьмі. А служэнне звязанае з актыўным удзелам моладзі архікатэдры, часткай якой з’яўляюся, у падрыхтоўцы і правядзенні чування.
Найбольш кранальным момантам чування для мяне стала малітва псальмамі, падчас якой адбылася вельмі цікавая і жывая канферэнцыя, якую для моладзі падрыхтавала с. Дар’я Еўтухоўская FMA. Яна ўключала і разважанні, і сведчанні, і цікавыя пытанні, скіраваныя да кожнага маладога сэрца, прысутнага на сустрэчы.
Першая думка, што прыходзіць у галаву напрыканцы чування, — “трэба паспаць”. Але калі казаць увогуле, то, мабыць, патрэбны час, каб усе тыя добрыя словы і думкі, пасееныя ў сэрцы далі свой плён у жыцці.
Ангеліна, Бусько, 21 год, настаўніца мовы і літаратуры:
Лічу, што такія чуванні вельмі патрэбныя моладзі. Для чаго?! Каб збегчы ад паўсядзённасці, ад раздражняльнікаў і засяродзіцца на самым галоўным.
Так сталася, што «паход» на чуванне стала пэўнай традыцыяй, штогадовай духоўнай практыкай. Але, калі яшчэ вучылася ў школе, на яго было прасцей прыязджаць, ды і прыязджала часцей. Калі распачала вучобу ва ўніверсітэце і працу ў школе, стала складаней выдзяляць час на гэта.
Безумоўна ўразіў Крыжовы шлях! Па-першае, таму што ў ім удзельнічала непасрэдна мая супольнасць, а яшчэ — сваёй глыбінёй. У ім усё супала: і глыбіня думкі, і музыка, і разважанні.
Асабліва трапіла ў сэрца і працэсія па касцёле пасля Крыжовай дарогі з запаленымі свечкамі, спевы і эмоцыі людзей.
Думак шмат, але галоўнай для мяне з’яўляецца тая, што закранула непасрэдна маё жыццё: калі ўзяў свой крыж, крыж паклікання, як у маім выпадку — настаўніцтва, то нясі яго да канца. Бог не дасць табе такі крыж, які ты не вытрымаеш несці. А яшчэ — безумоўна, ва ўсім давяраць Богу. Бо Марыя давярала, не ведаючы, што чакае Яе Сына. Давярай і ты!
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Ніна Бабіч, фота