Ці ёсць у жывёлаў душа і ці могуць яны ўваскрэснуць, калі прыйдзе канец свету?

«Адкажыце, калі ласка, ці ёсць у жывёлаў душа? Што адбываецца з імі пасля смерці? Ці могуць жывёлы таксама быць уваскрошаныя напрыканцы свету да вечнага жыцця?»

Ян

На пытанне адказвае кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага Суда ў Віцебску.

– “Хто ведае: ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўгору, а ці дух жывёл апускаецца долу, у зямлю?” (Экл 3, 21) – такое пытанне задае аўтар кнігі Эклезіяста. І гэтае пытанне дастаткова часта паўстае таксама і перад намі.

26 лістапада 2014 г. на Генеральнай аўдыенцыі, разважаючы над жыццём пасля смерці, Папа Францішак сказаў: “Святое Пісанне вучыць нас, што выкананне гэтага цудоўнага плану не можа не паўплываць на ўсё тое, што нас акружае і што выйшла з думкі і сэрца Бога… Аднойчы мы зноў убачым нашых жывёл у вечнасці Хрыста. Неба адкрыта для ўсіх стварэнняў Бога”, – спасылаючыся на словы з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў: “Што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых” (Рым 8, 21). Гэтыя словы Святога Айца ўзварушылі шмат людзей. На той момант у многіх часопісах вышлі артыкулы з назвамі “Папа адчыніў дзверы для жывёл у неба”.

Разважаючы над словамі Святога Айца італьянскі тэолаг, прафесар Папскага ўніверсітэта ў Рыме Джанні Кальцані растлумачыў, што “будзе пераемнасць паміж гэтым светам і будучым, [але таксама] і пераўтварэнне. Справа ў тым, што мы не ў стане вызначыць баланс паміж гэтымі двума сітуацыямі. Таму я лічу, што мы не павінны ўкладаць у вусны Папы больш, чым ён кажа на самай справе”.

Дарэчы, словы Папы Францішка не былі нейкай навіной. Яшчэ Папа Павел VІ, супакойваючы аднаго маленькага хлопчыка, які плакаў з прычыны смерці сабакі, сказаў: “Не перажывай, аднойчы мы зноў убачым нашых жывёл у вечнасці Хрыста”. І гэта ён пазней пацвердзіў на адной з Генеральных аўдыенцый у Рыме, кажучы: “Жывёлы – гэта самая маленькая частка Боскага стварэння, але аднойчы мы зноў убачым іх у Таямніцы Хрыста”.

Таксама і Папа Ян Павел ІІ 10 студзеня 1990 г., падтрымліваючы тую ж лінію, сказаў, што “Боскі подых ёсць не толькі ў чалавека, але і ў жывёл”.

Папа Бэнэдыкт ХVI меў іншы погляд. Ён прытрымліваўся больш традыцыйнага навучання. 14 студзеня 2008 г. ён прамовіў наступныя словы: “У той час як у іншых стварэнняў, якія не пакліканы да вечнасці, смерць азначае толькі канец існавання на зямлі, грэх стварае ў нас прорву, каторая рызыкуе паглынуць нас назаўжды, калі Айцец нябесны не падасць нам сваёй рукі”.

Святы Тамаш Аквінскі, святар і доктар касцёла, лічыў, што пачуццёвыя душы жывёл не з’яўляюцца самаіснымі, а таму яны і не маюць спецыфічных для разумнай душы дзеянняў, якія ажыццяўляюцца толькі самой душой, асобна ад цела – мысленне і жаданне (акт волі); усе дзеянні жывёл, як і многія дзеянні чалавека (акрамя мыслення і акта волі), ажыццяўляюцца з дапамогай цела. Таму душы жывёл гінуць разам з целам, тады як чалавечая душа – несмяротная, яна ёсць самае высакароднае ў створанай прыродзе. У жывёл і раслін ёсць цела, але іх душы належаць да найніжэйшага ўзроўню і таму смяротныя.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (338-348) вучыць, што Бог Сам стварыў бачны свет ва ўсім яго багацці, разнастайнасці і парадку. Кожнае стварэнне валодае ўласцівымі яму дабрынёй і дасканаласцю. Пра кожную справу шасці дзён сказана: “І ўбачыў Бог, што гэта добра”. Розныя стварэнні, прыемныя Богу ва ўласцівай ім істоце, кожнае па-свойму адлюстроўвае прамень бясконцай мудрасці і дабрыні Божай. Таму чалавек павінен паважаць якасць, уласцівую кожнаму стварэнню, каб пазбегнуць бязладнага ўжывання рэчаў, зневажальнага да Стваральніка, якое прыводзіць за сабой дрэнныя наступствы для людзей і іх асяроддзя.

Узаемазалежнасць стварэння пажадана самім Богам. Сонца і месяц, кедр і палявая кветка, арол і верабей – карціна іх бясконцых адрозненняў і няроўнасцей азначае, што ні адно стварэнне не з’яўляецца самадастатковым. Яны існуюць толькі ў залежнасці, узаемна дапаўняючы і служачы адно аднаму.

Іерархія стварэння выказана ў парадку “шасці дзён”, якая ідзе ад меней здзейсненага да больш дасканалага, ад святла да чалавека. Бог любіць усё Сваё стварэнне і дбае пра ўсіх, нават пра малых птушак. Тым не менш Езус кажа: “…Вы вартыя больш за мноства вераб’ёў” (Лк 12, 7), а таксама: “Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку” (Мц 12, 12).

Чалавек з’яўляецца вяршыняй справы стварэння. Натхнёны Богам тэкст указвае на гэта, выразна адрозніваючы стварэнне чалавека ад любога іншага стварэння (Быц. 1, 26). Толькі чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае і пастаўлены валадарыць над усім іншым стварэннем. Адным з уласцівасцяў гэтага вобраза з’яўляецца несмяротнасць душы.

Нягледзячы на тое, што Катэхізіс і кніга Быцця кажуць, што жывёлы і расліны былі створаны для функцыянавання чалавека, яны усё ж патрабуюць, каб іх паважалі і даглядалі як Божыя стварэнні, па прыкладзе таго, як гэта рабілі некаторыя святыя, такія, як святы Францішак Асізскі. Ён лічыў, што не толькі людзі, але і ўсе жывёлы з’яўляюцца братамі і сёстрамі. Ён ставіўся з любоўю да раслін і жывёл. Усюды ён бачыў Божую любоў да стварэння і нагадваў усім істотам, што трэба любіць свайго Стваральніка.

Да павагі і клопату пра ўсе жывыя стварэнні заклікае Папа Францішак у Энцыкліцы “Laudato si’”, прысвечанай клопату пра супольны дом. Папа заахвочвае паразважаць пра важнасць нашага супольнага дому і пра неабходнасць клопату пра яго. У другім нумары Папа кажа: “Мы прызвычаіліся думаць, што з’яўляемся ўладальнікамі i распарадчыкамі зямлі, якія маюць права яе рабаваць. Гвалт, які жыве ў зраненых грахом людскіх сэрцах, выяўляецца таксама праз хваробы зямлі, вады, паветра і жывых істот. Таму сярод найбольш занядбаных і дрэнна трактаваных знаходзіцца нашая прыгнечаная і спустошаная зямля, якая «стогне і нараджае ў пакутах» (Рым 8, 22). Мы забываемся, што самі паходзім з зямнога пылу (пар. Быц 2, 7).

“Штогод знікаюць тысячы відаў раслін і жывёл, якіх мы ўжо не зможам пазнаць, якіх ужо не змогуць убачыць нашыя дзеці. Большая колькасць гіне з прычыны пэўных людскіх дзеянняў. Праз нас тысячы відаў не будуць хваліць Бога сваім існаваннем і не будуць перадаваць нам сваю інфармацыю. Мы не маем на гэта права (33).

Падсумоўваючы дадзенае разважанне, можна прыйсці да пэўных вывадаў і адказаць станоўча, што жывёлы маюць душу. Аднак у адрозненні ад чалавека, іх душа – гэта не самастойная сутнасць, асобная ад цела. Прасцей кажучы, душа жывёл з’яўляецца смяротнай і згодна з навучаннем Касцёла, памірае разам з іх целам.

На пытанне, ці трапяць жывёлы ў жыццё вечнае, адказаць дастаткова складана. Зямны рай, у якім знайшлося месца і бязмоўным стварэнням, быў прадбачаннем нябеснага раю. Прарок Ісая, малюючы будучыню Валадарства Месіі, прарочыць так: “…Тады воўк будзе жыць разам з ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казлянём; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, і малое дзіця будзе вадзіць іх. І карова будзе пасвіцца з мядзведзіхаю, і дзеці іх будуць ляжаць разам; і леў, як вол, будзе есці салому. І немаўля будзе бавіцца над нарою аспіда, і дзіця працягне руку сваю на гняздо змяі. І ня будуць рабіць ліха і шкоды на ўсёй святой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена спазнаннем Пана, як воды напаўняюць мора (Іс 11, 6-9).

Таксама і святы Павел, прарочачы пра будучы свет, кажа: “Стварэнне ж з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых, бо стварэнне падпарадкавалася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто падпарадкаваў яго, у надзеі, што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых. Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага” (Рым 8, 19-23). Аднак гэты ўрывак айцы Касцёла тлумачаць па-рознаму.

Святы Аўгусцін (354-430 гг.) разумее пад стварэннем толькі чалавечы род. А, напрыклад, Сімяон Новы Тэолаг (949-1022 гг.) бачыць у словах апостала ўказанне на будучае абнаўленне, якое здзейсніцца над усімі стварэннямі ў свеце.

Як будзе на самай справе, для нас застаецца таямніцай. Аднак духоўна здаровы чалавек не можа не любіць усё тое, што створана Богам.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі