Кожны чалавек у сваім жыцці задумваецца, якую прафесію выбраць і кім працаваць. Некаторыя, адчуўшы ў сэрцы пакліканне, становяцца святарамі, каб сваё жыццё аддаць Госпаду. Чаму сёння зусім няшмат маладых людзей навучаецца ў беларускіх семінарыях?
– Думаю, сёння моладзь баіцца адказнасці. Гэта датычыць не толькі семінарыі, але і манаства, і сям’і, і нават выбару працы. Мы прывыклі ўсё мець на нейкі час, паспрабаваць і выкінуць, калі не атрымалася (тэлефоны, машыны, адзенне). А любая адказнасць палохае, бо да нечага абавязвае. І асабліва адказнасць перад Богам. Семінарыя – гэта і ёсць адказнасць перад Богам.
Сяржук Федарук:
– На маю думку, многія вернікі-хлопцы проста хочуць стварыць сем’і. Таму стрымлівае, хутчэй за ўсё, цэлібат. Але я не бачу тут вялікай праблемы. На мой пагляд, у Беларусі праблема недахопу святароў яшчэ не такая вялікая, як у Заходняй Еўропе, хоць згаджуся, што яна існуе. Яшчэ адна прычына ў тым, што вера ў Беларусі толькі адраджаецца. 70 гадоў бязбожнага атэізму-камунізму не прайшлі проста так. Таму ўжо ў нашага пакалення ёсць шансы змяніць сітуацыю. Я ўжо бачу многія сем’і вернікаў, дзе ёсць шмат дзетак, якіх выхоўваюць у глыбокай веры ад дзяцінства. Упэўнены, што праз гадоў 10-20 праблемы недахопу святароў у Беларусі ўжо не будзе.
– Думаю, шмат хлопцаў не маюць столькі адвагі, каб паверыць у тое, што менавіта на святарскім шляху будуць найбольш шчаслівымі і змогуць раскрыць усе свае таленты. Заўважала, што знаёмыя хлопцы, бачачы ў сабе нейкія недасканаласці, вырашалі, што святарскае жыццё не для іх, замест таго, каб даверыцца Богу. Ставілі нейкія ўмовы, маўляў, калі вось гэта змянілася б, тады я б стаў святаром. Тут мне адразу ўспамінаецца аповед пра сваё пакліканне біскупа Саратава Клеменса Пікаля. Ён, калі ўжо канчаткова вырашаў быць святаром ці не быць, маліўся словамі «Божа, калі Ты хочаш, я стану святаром, але гэта будзе не мая праблема, а Твая». І мне здаецца, што менавіта такой адвагі і даверу часта не хапае нашым хлопцам, каб адкрыцца на заклік Бога.
– Я лічу, што ў наш час мала каму патрэбна быць ксяндзом. Зараз ніхто не глядзіць на жыццё так, як трэба. Маладыя хочуць самастойнага жыцця: праводзіць час з сябрамі, гуляць па начах, знаёмствы толькі на адну ноч. Калі выйсці на вуліцу і задаць пытанне хлопцам «Ці пайшоў бы ты на вучыцца ксяндза?», 85% нават не будуць ведаць, хто такі ксёндз. Людзі паводзяць сябе так, быццам Бога няма, але самі патрабуюць Яго.
– Чаму зараз мала хлопцаў ідзе ў семінарыю? Я бачу тут дзве прычыны. Першая – гэта тое, што сёння вельмі моцны ўплыў на моладзь аказвае ідэалогія спажывальніцтва, асноўны пастулат якой – гэта жыццё выключна для ўласнага задавальнення. Жыццё паводле такога прынцыпу прыводзіць да поўнага замыкання чалавека на сваім «я», што робіць амаль немагчымым служэнне бліжнім. Але асноўнай прычынай адсутнасці пакліканняў да дыяцэзіяльнага святарства, на мой погляд, з’яўляецца вельмі малая колькасць сапраўдных святароў. Сапраўдных – гэта значыць, напоўненых Духам Хрыста. Сёння асноўная маса духавенства – гэта звычайныя працаўнікі, хоць бы і на ніве Пана, якія адпрацоўваюць сваё пакліканне, а не гараць ім. І такая халоднасць, вядома ж, не можа служыць прыкладам да наследавання. А моладзь патрабуе святароў, якія шчаслівыя ў сваім пакліканні, якія свецяцца Духам Святым і запальваюць сэрцы іншых. І пакуль святароў, у абліччы і жыцці якіх можна ўбачыць вобраз Хрыста, будуць адзінкі, нашыя семінарыі будуць пустымі.
Гутарыла Марына Брылёнак
Статыстыка: У 2001 годзе ў Пінскую духоўную семінарыю на першы курс паступіла 14 чалавек. У 2013 годзе – 3 чалавекі. У 2014 годзе – 1 чалавек.
У Гродзенскую духоўную семінарыю ў 1990 годзе на першы курс паступіла 37 чалавек. У 2013 годзе – 5 чалавек. У 2014 годзе – 6 чалавек.
Вынікі анлайн-апытання на сайце catholicnews.by
Чаму маладыя людзі не ідуць у семінарыю?
Таму, што ў маладога пакалення змяніліся каштоўнасці – 28.4%
Таму, што святар не можа ажаніцца і стварыць сям’ю – 20.9%
Таму, што ў семінарыі складана вучыцца і строгае выхаванне – 0.5%
Таму, што заробак святара невялікі – 0.9%
Таму, што не кожны адчувае пакліканне – 40.5%
іншы адказ (у каментарыях) – 8.8%
Усяго галасоў: 215
для друку