“Пахвалёны Езус Хрыстус! У свята Беззаганнага Зачацця чытаецца ўрывак з Евангелля ад Лукі (Лк 1, 26–38), дзе анёл вітае Марыю словамі “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. У надзвычайнай форме рымскага абраду на гэтае свята дадзены той жа сюжэт (Лк 1, 26–28), але там анёл кажа словы “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою, бласлаўлёная Ты між жанчынамі”. Калі ўзяць афіцыйны беларускі пераклад Новага Запавету, то там другая частка прывітання – “бласлаўлёная Ты між жанчынамі”– адсутнічае ўвогуле. Як прынята тлумачыць, што ў некаторых перакладах Святога Пісання гэтыя словы ёсць, а ў некаторых няма? Якая рацыя стаяла за тым, каб апусціць іх у афіцыйным беларускім перакладзе? Дзякуй.”
Максім
– Шаноўны Максім! Напачатку варта сказаць, адкуль перакладаецца тэкст у лекцыянарыях, а адкуль – у афіцыйных выданнях Касцёла. Тэкст лекцыянарыя перакладаецца з лацінскага ўзорнага выдання Лекцыянарыя Рымскага Імшала 1970 г., які заснаваны на лацінскім перакладзе Старога і Новага Запаветаў (Вульгата) (пар. Consilium ad exsequendam Constitutionem de sacra Liturgia, Інструкцыя „De popularibus interpretationibus conficiendis”, 25.01.1969, „Notitiae” 5 (1969) 3-12; Declaratio circa interpretationes textuum liturgicorum „ad interim” paratas, „Notitiae” 5 (1969) 69; Святая Кангрэгацыя Божага Культу, Declaratio de interpretatione textuum liturgicorum, „Notitiae” 5 (1969) 333-334). Афіцыйнае ж выданне рыхтуецца на падставе перакладу з арыгінальнай мовы Старога і Новага Запаветаў – габрэйскай і грэцкай адпаведна. Вульгата ў сваю чаргу не ўлічвае самых новых адкрыццяў у галіне біблістыкі, а менавіта больш грунтоўнага даследавання такой рэчаіснасці, як крытыка тэксту. Пры працы з Новым Запаветам прынята выкарыстоўваць для тлумачэння аўтарытэтнае выданне Nestle Aland “Novum Testamentum Graece” 28th Revised Edition. Варта пра гэта крыху сказаць.
Прайшло больш за стагоддзе пасля таго, калі ў 1898 годзе Вюртэмбергскае Біблейскае таварыства апублікавала першае выданне Novum Testamentum Graece Эберхарда Нэстле (†1913). Неўзабаве пасля гэтага ў 1904 г. Брытанскае і іншыя замежныя біблейскія таварыствы таксама прынялі гэты тэкст, і з таго часу ён атрымаў распаўсюджванне сотнямі тысяч асобнікаў. Э. Нэстле выпусціў тэкст, заснаваны на працах выдатных крытыкаў дзевятнаццатага стагоддзя. Ён параўноўваў выданні Тышэндорфа, Уэсткота і Хорта і Уэймута. З 21-а выдання Novum Testamentum Graece (1952 г.) Курт Аланд стаў намеснікам рэдактара. Па просьбе Эрвіна Нэстле ён прагледзеў крытычны апарат, супаставіўшы яго з першакрыніцамі, пашырыўшы колькасць цытаваных сведкаў, і ў рэшце рэшт падрыхтаваў 25-е выданне 1963 года.
Пачынаючы з 1950-х гадоў са згоды Эрвіна Нэстле (†1972) Аланд распачаў падрыхтоўку да грунтоўнага перагляду тэксту, які завяршыўся абноўленым матэрыялам і крытычным апаратам 26-га выдання. Вялікія адкрыцці рукапісаў 20-га стагоддзя, асабліва ранніх папірусаў, зрабілі гэтае пытанне тэрміновым. У 1955 г. К. Аланд быў запрошаны ў рэдакцыйны камітэт разам з М. Блэкам, Б. М. Мецгерам, А. Вікгрэнам і спачатку А. Вёобусам, а пазней таксама кардыналам К. М. Марціні (а з 1982 г. Б. Аландам і Дж. Каравідопуласам) для стварэння выдання “Грэчаскі Новы Запавет – выданне грэцкага тэксту з крытычным наборам выбраных урыўкаў, прызначаных для прафесійных перакладчыкаў Бібліі ва ўсім свеце” (1-е выд. – 1966 г., 2-е выд. – 1968 г.). Тэксты абодвух выданняў аб’ядналі, так што ў рэшце рэшт 26-е выданне Novum Testamentum Graece (1979) і трэцяе выданне Новага Запавету па-грэцку (1975) мелі адзін і той жа асноўны тэкст. Гэтыя два выданні першапачаткова планаваліся з рознымі мэтамі, і яны адпаведна адрозніваюцца. Грэчаскі Новы Запавет быў прызначаны для перакладчыкаў, і хоць яго крытычны апарат абмежаваны асобнымі ўрыўкамі, інфармацыя аб тэкставай традыцыі ў гэтых урыўках максімальна поўная. Гэтыя фрагменты часцей за ўсё з’яўляюцца тымі, у якіх сучасныя пераклады адрозніваюцца, і перакладчыкі павінны ведаць прычыны іх адрозненняў. Novum Testamentum Graece, наадварот, імкнецца даць чытачу крытычную ацэнку ўсёй тэкставай традыцыі. Яго крытычны апарат адпаведна больш шырокі, асаблівая ўвага надаецца перадачы тэксту ранняга перыяду. Тэкст, агульны для гэтых двух выданняў, быў прыняты на міжнародным узроўні Біблейскімі таварыствамі, і пасля пагаднення паміж Ватыканам і Аб’яднанымі біблейскімі таварыствамі ён паслужыў асновай для новых перакладаў і для пераглядаў тэкстаў, зробленых пад іх кантролем. Натуральна, трэба разумець, што гэты тэкст з’яўляецца працоўным: яго трэба разглядаць не як канчатковы, але як стымул для далейшых намаганняў па вызначэнні і праверцы тэксту Новага Запавету.
Мэта кожнага выдання (на сённяшні дзень існуе 28 выданняў) застаецца адна і тая ж, а менавіта даць карыстальніку добра абгрунтаваны працоўны тэкст разам са сродкамі яго праверкі або, у якасці альтэрнатывы, выпраўлення. Адпаведна, выданне змяшчае ўсе неабходныя для гэтага варыянты ў максімальна поўнай форме. Уключаныя варыянты важныя альбо для зместу, альбо для іх гістарычнага значэння. Карыстальнік таксама можа атрымаць дакладнае ўяўленне аб колькасці варыяцый у тэкставай традыцыі Новага Запавету, пра агульны характар гэтых варыянтаў, пра матывы і паходжанне, якія яны адлюстроўваюць.
Варта падаць некаторыя тэксты, якіх ужо няма ў 28-выданні Novum Testamentum Graece, але да каторых так “прызвычаілася” наша вуха. Вось яны: Мц 17,21 – “Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і пастом”; Мц 18,11 – “Бо прыйшоў Сын Чалавечы знайсці і збавіць тое, што загінула”; Мц 23,14 – “Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што аб’ядаеце дамы ўдоў і крывадушна доўга моліцеся: за тое атрымаеце тым большае асуджэнне”; Мк 7,16 – “Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае”; Мк 9,44 – “Дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае”; Мк 11,26 – “Калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш Нябесны не даруе вам грахоў вашых”; Мк 15,28 – “І збылося слова Пісання: “і да злодзеяў залічаны”; Лк 17,36 – “Двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца”; Лк 23,17 – “А яму трэба было для свята адпусціць ім аднаго вязня”; Ян 5,4 – “Бо анёл Пана час ад часу хадзіў у купальню і ўзварушваў ваду, і хто першы ўваходзіў у яе па ўзварушэнні вады, той аздараўляўся, якой бы ні быў апантаны хваробай”; Дз 8,37 – “Філіп жа сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Ён сказаў у адказ: веру, што Езус Хрыстус ёсць Сын Божы”; Дз 15,34 – “Але Сіла вырашыў застацца там”; Дз 24,7 – “Але тысячнік Лісій, прыйшоўшы, з вялікім гвалтам узяў яго з рук нашых і паслаў да цябе”; Дз 28,29 – “Калі ён сказаў гэта, юдэі пайшлі, шмат спрачаючыся паміж сабою”; Рым 16,24 – “Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі”. Амэн.
Цяпер вернемся да нашага тэксту. Хоць многія тэкстуальныя сведкі (у тым ліку A (агульнапрынятае ў біблістыцы абазначэнне Александрыйскага кодэксу), C (Кодэкс Эфрэма), D (Кодэкс Безы) Θ (Кодэкс Карыдэці) і большасць мінускулаў, за якімі ідзе Textus Receptus) чытаюць пасля σοῦ (ὁ κύριος μετὰ σου (Лк 1,28) “Пан з табою”) словы εὐλογημένη σὺ ἐν γυναιξίν (“бласлаўлёная Ты між жанчынамі”), верагодна, што перапісчыкі ўставілі іх сюды з верша 42 першага раздзела Евангелля паводле св. Лукі, дзе яны засведчаны большасцю тэкстаў. Калі б гэтыя словы сапраўды былі арыгінальнымі ў гэтым вершы, то няма належнага вытлумачэння, чаму іх апусцілі ў шырокім спектры ранніх сведкаў (у тым ліку א (Сінайскі кодэкс), B (Ватыканскі кодэкс), L (Кодэкс Рэгіус), W (Вашынгтонскі кодэкс), Ψ (Кодэкс Атус Лаўрэнзіс) і іншых. Вось гэта і ёсць прыклад таго, навошта ў біблістыцы так неабходна крытыка тэксту і самі крытычныя выданні Бібліі.
Таму ў Літургіі традыцыйна гэты дадатак належыць чытаць, а пры самастойным чытанні Бібліі на беларускай мове названы дадатак не будзе прачытаны ў 28 вершы першага раздзела, але ўжо ў 42 выразна прагучыць “бласлаўлёная Ты між жанчынамі”.
Літаратура
- Eberhard Nestle, Erwin Nestle, Kurt Aland, Barbara Aland, Novum Testamentum Graece, 28, Stuttgart: Deutsche Bibelstiftung, 2012.
- Bruce Metzger, A Textual Commentary on the Greek New Testament, Second Edition a Companion Volume to the United Bible Societies’ Greek New Testament (4th Rev. Ed.). – London – New York, 1994.
- А.А. Алексеев, Текстология Нового Завета и издание Нестле-Аланда. – СПб. 2012.
Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі
для друку