У некалькіх папярэдніх выпусках нашай моўнай старонкі мы разглядалі ўжыванне ў сучаснай беларускай мове пазычанняў з польскай, англійскай, нямецкай, французскай, а таксама з цюркскіх моў. Нам падаецца лагічным дадаць у гэты шэраг яшчэ адну, хоць і невялікую групу лексікі – літуанізмы ці, інакш кажучы, словы, што прыйшлі ў беларускую мову з мовы літоўскай.
Здавалася б, носьбітаў літоўскай мовы істотна менш, чым усіх іншых моваў, згаданых вышэй. Адсюль і цалкам абгрунтаванае пытанне: няўжо літоўскія паводле паходжання словы сёння ўжываюцца ў беларускай мове? Але гэта насамрэч так.
На працягу некалькіх стагоддзяў паміж суседнімі беларускім і літоўскім этнасамі (мы тут будзем карыстацца абазначэннем этнасаў у сённяшнім агульнапрынятым разуменні) назіраліся і назіраюцца цесныя эканамічныя, грамадска-палітычныя, культурныя кантакты, што натуральным чынам знайшло сваё адлюстраванне ў нашым лексіконе.
Разам з тым варта заўважыць, што сёння мы маем у нашым слоўнікавым складзе адносна невялікую групу слоў літоўскага паходжання, калі параўноўваць яе, да прыкладу, з германізмамі ці англіцызмамі. Але, на наш погляд, у любым выпадку разгляд некаторых лексічных адзінак літоўскага паходжання, якія ўжываюцца ў беларускай літаратурнай мове, уяўляе значную цікавасць. Таму паспрабуем пазнаёміцца з некаторымі літуанізмамі, праілюструем іх выкарыстанне ў нашай мове адпаведнымі фрагментамі з тэкстаў мастацкай літаратуры.
Сярод найбольш частотных літуанізмаў адзначым словы, якія ўжываюцца для абазначэння пэўных сельскагаспадарчых паняццяў, у прыватнасці пабудоў: клуня – гаспадарчая пабудова для захоўвання снапоў (– Ах, божачка мілы! А я ж думала, што свята заўтра! – ускінула рукамі Аўгіння: – Лукаш мой даўно пайшоў у клуню малаціць грэчку! Якуб Колас); пуня – месца для захоўвання сена, саломы, мякіны (За хатай – клець на каменным падмурку, цёплы хлеў, прасторная пуня, садок са старых і маладых дрэў. Тарас Хадкевіч); свіран – халодны будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, мукі ці іншых прадуктаў, а таксама нейкіх рэчаў (Вакол дзядзінца, паўкругам, размяшчаліся розныя гаспадарчыя будовы – скляпы, свірны, стайня. Алесь Якімовіч). Названыя вышэй словы з’яўляюцца абазначэннем пабудоў, з якімі цесна звязанае жыццё беларусаў у вёсцы, паколькі амаль кожная сядзіба мела раней і клуню, і пуню, і свіран. Зразумела, што цяпер гэтыя паняцці паступова адыходзяць на іншы план, застаючыся ў мове найперш як важны этнаграфічны, этнакультурны элемент.
Іншая група літуанізмаў абазначае пэўныя прадметы, прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённым побыце. Сюды можна аднесці наступныя назоўнікі: рэзгіны – прыстасаванне насіць сена, салому, зробленае з вяровачнай сеткі, нацягнутай на сагнутыя пруткі, дужкі (Алесь зачыніў адрыну, ускінуў на плечы рэзгіны з сенам і паволі пайшоў да конскага хлява. Аркадзь Чарнышэвіч); шаршатка – тоўстая і доўгая іголка (Зноў збіраемся ля вогнішча, глядзім, як дзядзька Ігнат шаршаткай сшывае аброць, і чакаем. Мікола Ваданосаў); яндоўка – вялікая медная пасудзіна для віна, піва, мёду (Маці хуценька пабегла ў склеп, дзе стаяла старая яндоўка з мёдам. Мікола Ваданосаў).
Прывядзём тут яшчэ колькі прыкладаў літуанізмаў, якія вядомыя, бадай, кожнаму носьбіту беларускай мовы: парсюк – самец свойскай свінні (Мыкалі каровы, на прызбах грэліся куры, каля платоў рыліся парсюкі. Сяргей Грахоўскі); крумкач – вялікая чорная птушка, груган (Над могілкамі ўвесь дзень кружылі крумкачы, быццам нешта выглядалі. Эдуард Самуйлёнак); дзёгаць – цёмная густая смалістая вадкасць, якая здабываецца шляхам сухой перагонкі цвёрдага паліва (Пах сасновай смалы так густа напаіў паветра, што яно ў начной цемры здавалася цягучым, як дзёгаць. Аркадзь Чарнышэвіч); адліга – пацяпленне пасля марозу зімой, з павышэннем тэмпературы вышэй за нуль (Адліга. Капае са стрэх, / І вецер дзьме вільготны з поўдня, / Счарнеў і асядае снег… Сяргей Грахоўскі); бомы – званочкі ў выглядзе пустых металічных шарыкаў з кавалачкамі металу ў сярэдзіне (Крык і гоман на дарозе, / Бомы стогнуць і звіняць. Якуб Колас).
Мы разгледзелі толькі некаторыя словы, што прыйшлі да нас з літоўскай мовы. Такія лексічныя адзінкі не маюць хіба нейкіх адмысловых фанетычных ці марфалагічных маркераў, на падставе якіх мы маглі б адразу сказаць, што гэта слова менавіта літуанізм. Адначасова адзначым, што найчасцей імі абазначаюцца паняцці, характэрныя для вясковага побыту.
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для ўсіх, хто цікавіцца сучаснай беларускай мовай, дапаможа лепш арыентавацца ў нашым багатым лексіконе.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
