Хор у складзе 300 чалавек будзе спяваць у нядзелю, 30 красавіка 2023 года, падчас галоўнай святой Імшы ў рамках візіту Папы Францішка ў Будапешт.
Былы шматгадовы капельмайстар Зальцбургскага сабора прафесар Янаш Чыфра стане адным з шасці дырыжораў, якія будуць кіраваць вакальным калектывам і аркестрам дзяржаўнай оперы Будапешта. Разам з ім дырыжыраваць будуць Ферэнц Сапшон, Борбала Сапшон, Ласла Варга, Гергелі Менесі і Золтан Шылі.
Цэнтральным пунктам праграмы стане Імша Золтана Кодалі і творы, у тым ліку Франка, Ліста і Рахманінава. Акрамя харавых твораў, будуць выкананы венгерскія народныя песні і песні з Тэзэ. Удзельнікі хору – больш за 300 мужчын і жанчын – прыедуць з розных куткоў Венгрыі.
Прыняць удзел у святой Імшы з Папам на плошчы Кошута можна будзе без папярэдняй рэгістрацыі. Каб як мага больш людзей магло прыняць удзел у папскай літургіі, на прылеглых вуліцах будуць устаноўлены відэаэкраны. Пра гэта паведаміла мясцовая біскупская канферэнцыя на афіцыйным сайце www.ferenc2023.hu.
У 2021 годзе на святой Імшы, якую Святы Айцец узначаліў на плошчы Герояў у Будапешце, прынялі ўдзел каля 100 тысяч чалавек.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку