“Украінцы перажываюць вельмі складаныя хвіліны, але яны даюць нам усім урок вытрываласці і надзеі”, — адзначыў пасля заканчэння візіту ва Украіну брат Бенуа з экуменічнай супольнасці Тэзэ.
Па яго словах, супольнасць ужо працяглы час падтрымлівае жывыя адносіны з хрысціянамі Украіны, і таму браты хацелі асабіста наведаць сваіх супрацоўнікаў і сустрэцца з кіраўнікамі самых буйных Цэркваў у гэтай краіне. Манах падкрэсліў, што ўкраінцы разлічваюць на малітву хрысціян Еўропы і заклікаюць быць уважлівымі з прычыны расійскай дэзінфармацыі.
Прадстаўнік экуменічнай супольнасці заўважыў, што трагічныя падзеі вайны парадаксальным чынам паўплывалі на збліжэнне ўкраінскіх хрысціян.
“Экуменічная сітуацыя ва Украіне вельмі складаная і багатая. Моладзь, якая бярэ ўдзел у сустрэчах Тэзэ, паходзіць з розных Цэркваў. Таму для нас было важна, каб, прыбываючы ў краіну, мы маглі выслухаць тое, што хочуць сказаць кіраўнікі розных супольнасцей. Я думаў, што з прычыны вайны не змагу правесці шмат сустрэч. Але было зусім наадварот. Адбылося больш сустрэч, чым у мінулыя гады”, — падзяліўся брат Бенуа.
Ён размаўляў з праваслаўнымі біскупамі абодвух патрыярхатаў, а таксама з іерархамі Грэка-Каталіцкага і Рыма-Каталіцкага Касцёлаў. “Трэба прызнаць, што перад абліччам вайны настала выключнае адзінства паміж украінскімі хрысціянамі”, — дадаў прадстаўнік Тэзэ.
Ян Глінскі, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку