Калі гаворым пра важныя рэчы ў нашым жыцці, не патрабуем шматслоўя. Я спытала ў чытачоў “Каталіцкага Весніка” што для іх Божае Нараджэнне ў трох словах?
Радасць, бо праз Сваё Нараджэнне Бог паказвае зноў нам сваю любоў і міласэрнасць. Яго любоў настолькі неабмежаваная, і Ён так моцна нас любіць, што захацеў прыйсці ў свет нават як малое дзіцятка…
Міласэрнасць, бо Божае Нараджэнне — асаблівы час, калі атрымоўваецца і хочацца яшчэ больш ўвагі і клопату прысвяціць іншаму чалавеку.
Сустрэча, бо для мяне гэта вігілія з роднымі, ламанне аплаткам з блізкімі, перапрашэнне і ўзаемнае прабачэнне. Таксама гэта сустрэчы з іншымі людзьмі. Момант, калі сапраўды трэба спыніцца ад мітусні, і прысвяціць час іншай асобе.
Я магу апісаць Божае Нараджэння трыма словамі: Сям’я, шчасце ў маім сэрцы, радасць.
Сям’я, бо гэта традыцыйнае свята ў коле родных, рараты, упрыгожванне елкі, чаканне прыходу Св. Мікалая, і самае галоўнае — дзяленне аплаткам, пажаданні кожнаму з родных і сумесная вігілійная Імша ў касцеле!
Шчасце ў сэрцы, бо гэта момант, калі маё сэрца перапаўняецца неверагодным шчасцем, бо ў ім нарадзіўся Езус!
Радасць, бо я магу віншаваць сваіх родных і даражэнькіх сяброў, бо ў іх таксама нарадзіўся Езус, і кожны з іх па- сапраўднаму радасны! А таксама падарункі і пажаданні кожнаму.
Божае Нараджэння ўвогуле – гэта не толькі пачатак новага літургічнага года ў Касцеле, але гэта пачатак добрых змен ў маім жыцці.
Супакой, таму што нават падчас войнаў салдаты спынялі баявыя дзеянні, ці, прынамсі, не стралялі, таму што ўсе святкавалі адзін і той жа Святы дзень.
Надзея, таму што аб’яднаўшыся ў святкаванні, мы становімся бліжэйшымі адно да аднаго, лепшымі. Прыкметна як людзі становяцца падобнымі да адной сям’і. Так, як і павінна быць.
Выпраўленне / паляпшэнне, таму што Дабрыня схіляе нас рабіць яшчэ больш добрых рэчаў і пазбягаць зла, станавіцца на шлях выпраўлення, на шлях дабра і любові, а таксама адмовіцца ад гневу, нянавісці і астатніх заганаў.
Чаканне. Чаго я чакаю? Перш-наперш я чакаю духоўнага ўзмацнення і перамянення. Гэта новы час адліку ў маім жыцці.
Еднасць, бо у гэты своеасаблівы час адчуваеш патрэбу надаваць больш увагі сваёй сям’і, як асабістай, так і парафіяльнай.
Цуд, боНараджэнне Езуса Хрыста – гэта цуд, які Бог здзейсніў для ўсяго чалавецтва. Збаўца бясконца чыніць цуды. У гэты час я таксама спрабую “чыніць” невялічкія цуды для людзей, якія побач.
Сям’я, свечка, любоў.
Сям’я, бо ў гэтую святую ноч збіраюцца ўсе родныя і любімыя людзі, гэта час прабачэння, прыняцця і цёплых абдымкаў.
Свечка, бо ўтульнасць, святло, цеплыня. Гэта надзея на лепшае. Калі ведаеш, што пасля ўсіх цяжкасцяў, цёмных момантаў, цябе чакае нешта светлае. Бо толькі Божае Святло праганяе цемру і ўвесь страх.
Любоў, бо яна бязмежная і ўсёабдымная, у якой няма межаў. Пакрывае ўсё і дае супакой сэрца, абдорвае радасцю і ўсё прабачае.
Радасць, бо на Свет прыходзіць Збаўца.
Супакой, бо я адчуваю вялікі супакой ў сваім сэрцы, паколькі з намі ўжо ёсць Хрыстус Пан.
Цішыня каля Дзіцятка Езуса, бо сучасны свет настолькі гучны, што ён ніколі не змаўкае. Таму цішыню можна адчуць толькі, каля Дзіцяткі Езуса, Які сапраўды нараджаецца ў начной цішыні.
Апытанне праводзіла Вікторыя Колзун
для друку