Больш за 5,5 тыс. беларусаў адправяцца на Сусветныя дні моладзі

papa_sdmЗвыш 5,5 тыс. беларусаў зарэгістраваліся да ўдзелу ў Сусветных днях моладзі — фестывалю каталіцкай моладзі ўсяго свету, які ўключае сустрэчу з Папам Рымскім. У гэтым годзе СДМ пройдуць у польскім Кракаве 26-31 ліпеня.

Нагадаем, візы беларускія ўдзельнікі могуць атрымаць бясплатна ў візавых цэнтрах Польшчы.

Больш за ўсё на фестываль зарэгістравалася прадстаўнікоў з Польшчы (30%), Італіі (13%), Іспаніі і Францыі (па 6%). Усяго на дадзены момант колькасць зарэгістраваных удзельнікаў — амаль 600 тыс. са 185 краін, аднак у Кракаве чакаюць прыезду каля 1,5-2 млн. гасцей, паколькі большасць не праходзяць рэгістрацыю, якая адкрыта да 30 чэрвеня.

Колькасць зарэгістраваных удзельнікаў ужо стала рэкорднай (на папярэднія фестывалі ў Мадрыдзе і Рыа-дэ-Жанейра рэгістраваліся адпаведна 420 і 355 тыс. чалавек), паведаміла агенцтва KAI акрэдытаваным на СДМ журналістам.

Арганізатары маюць намер размяшчаць гасцей у сем’ях мясцовых католікаў, школах, іншых публічных установах.

Набажэнствы і іншыя мерапрыемствы будуць праходзіць, у асноўным, на польскай і англійскай мовах, але таксама на іншых нацыянальных мовах, у тым ліку беларускай, рускай, украінскай.

Папа Францішак падчас візіту ў Польшчу наведае Кракаў, Ясную Гару (кляштар у горадзе Чэнстахова, які вядомы цудатворнай іконай Божай Маці) і лагер смерці Аўшвіц, сустрэнецца з прэзідэнтам краіны і мясцовым духавенствам. Св.Імшу для ўдзельнікаў СДМ Папа будзе цэлебраваць 31 ліпеня.

Упершыню Сусветны дзень моладзі прайшоў па ініцыятыве Папы Рымскага Яна Паўла II ў 1986 годзе ў Рыме і з таго часу адзначаецца раз на два-тры гады. Фестываль у Кракаве стане ўжо 26-м па ліку.

katolik-gomel.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі