20 ліпеня ў Браславе завяршыўся трохдзённы духоўны адпачынак для дзяўчат. Сёстры Эўхарысткі Таццяна Гмыза і Лена Панцялей прапанавалі ўдзельніцам «паглядзець у люстэрка» — менавіта так гучала тэма рэкалекцый. Паспрабаваць стаць у праўдзе парад сабой, Богам і іншымі людзьмі, пабыць сам-насам з Езусам у гостыі, а таксама адпачыць прыехалі дзяўчаты з Полацка, Барысава, Астраўца, Пінска і Мінска. Былі, канечне, і мясцовыя маладыя верніцы.
Тры летнія дні ў Браславе былі напоўненыя духоўнымі размовамі, канферэнцыямі, асабістай працай, забавамі і прыемным адпачынкам на беразе возера. Цэнтрам кожнага дня з’яўлялася святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта.
Быў вылучаны час, каб пабыць у цішыні і пашукаць адказы на пытанні «Якая я насамрэч?», «Што думае пра мяне Госпад?», «Якая я Ягонымі вачыма?», «Хто для мяне Бог?», «Які вобраз Бога нашу ў сваім сэрцы?»
Дзень першы. «Калі хочам убачыць рэальнае адлюстраванне сябе, трэба глядзець на ўчынкі»
Такімі словамі пачала першую канферэнцыю сястра Таццяна Гмыза SJE. Яна адразу паспрабавала перанакіраваць наш позірк з уласных меркаванняў, эмоцый і прагненняў на дзеянні — бо менавіта па пладах можна меркаваць аб тым, якія мы насамрэч.
Паглыбляючыся ў тэму ўспрымання сябе, каб перастаць здавацца і пачаць быць, сястра Таццяна прапанавала паглядзець на тры складнікі асобы: цела, душу і дух.
«Цела — храм Духа Святога. Нам рэдка падабаецца наш храм, мы хочам яго падправіць, палепшыць. Часта забываемся пра праўду: усё, што стварыў Бог, мае сваю ўнікальную прыгажосць.
Моладзь часта пытаецца, ці можна рабіць татуіроўкі, напрыклад. Задайце пытанне Богу і сабе, навошта гэта вам. Глядзіце ў сябе глыбей, разважайце на малітве, чаго насамрэч вы шукаеце, што хочаце кампенсаваць тым ці іншым «паляпшэннем» сябе».
Гаворачы пра душу, сястра Таццяна звярнула ўвагу на тое, з чым пагадзіліся ўсе ўдзельніцы — недахоп глыбокіх душэўных размоў з іншымі людзьмі: «Размовы пра душу нас напаўняюць. Не бойцеся адкрывацца людзям, выказаць свае думкі, перажыванні. Калі вы будзеце адкрытымі, Бог дасць вам чалавека, з якім можна шчыра выражаць сябе».
Калі размова зайшла пра трэці складнік кожнага з нас, дух, закранулі тэму смерці: «Мы ўжо выратаваныя Езусам на крыжы, таму смерць для нас, хрысціянаў, не катастрофа. Мы павінны свяціцца радасцю, бо Езус сказаў нам, што пайшоў падрыхтаваць месца для нас, але мы забываем пра гэта… Верым д’яблу, які кажа, што мы нічога не вартыя. Трэба ж памятаць, што мы — дзеці Бога і давяраць толькі Яму».
Напрыканцы канферэнцыі ўдзельніцы атрымалі заданне, якое можаце выканаць і вы: нам трэба было паглядзець на сябе люстэрка і падзякаваць Богу за цела, душу і дух. Завяршылі першы дзень супольным дзяленнем перажытага, а таксама малітвай «Божа, навучы мяне глядзець на сябе Тваімі вачыма».
Дзень другі. «Я маю досвед, які дазваляе мне сказаць, што Бог не будзе «плаціць» за нашы грахі. Гэта няпраўда»
«Паглядзець у люстэрка» і ўбачыць там сваю душу, а таксама сапраўднага, не прыдуманага, Бога прапанаваў удзельніцам рэкалекцый айцец Віталій Даніловіч MIC. Ён адзначыў, што яму вельмі падабаецца такая глыбокая метафара. Разважаючы над ёй, можна сапраўды ўбачыць сябе сапраўднага. Зраненага, слабога, аплеценага сеткамі грахоў, але — жывога.
— Навошта нам бачыць праўду пра сябе? Асабліва калі яна непрыемная, балючая? — спытаўся а. Віталій. — Сэнс у тым, што люстэркам для нас з’яўляецца сам Хрыстос. Ён ведае ўсё, перад Ім нічога не схаваеш як ад сябе ці ад іншых людзей. Так, вельмі па-людску баяцца гэтай праўды, але варта памятаць пра тое, што праўду ведае Бог не для таго, каб нас асуджаць ці наказваць, але каб прабачыць і прыняць нас з усімі нашымі слабасцямі і ўпадкамі. Гэта момант самай вялікай радасці для нас.
Я маю досвед, які дазваляе мне сказаць, што Бог не будзе нам «плаціць» за нашыя грахі.
Важна ўсвядоміць, што наказвае нас не Бог, а наш асабісты грэх. Тое, што мы прывыклі называць «Божым наказаннем» насамрэч з’яўляецца наступствамі нашых грахоў.
Мы здраджваем Богу, але Ён нас не наказвае, а пачынае шукаць шляхі, каб чалавек усвядоміў свой грэх, зразумеў, што раніць грахамі іншых людзей — і вярнуўся да Бога.
Адкрываць праўду пра сябе трэба, каб Бог змог вылечыць нашы раны, бо грэх — гэта заўжды рана. Дайсці да праўды аб сабе я магу гледзячы на Езуса.
Святар прыгадаў добра вядомую нам прыпавесць з Евангелля паводле Лукі пра марнатраўнага сына: «Хачу звярнуць вашу ўвагу на такую важную дэталь. Калі сын прыходзіць да бацькі, той адразу кажа, каб яго апранулі і абулі і толькі пасля ўводзіць у дом. Можна здагадацца, у якім стане сын прыйшоў дадому… Так і Бог: калі наша душа прыходзіць да яго параненая, аголеная, Ён не дакарае нас, але спярша апранае, закрывае нашу аголенасць, наш грэх, кажучы, што гэта праўда застанецца паміж намі і Богам — Ён вельмі далікатны.
Апостал Павел пісаў, што «моц удасканальваецца ў слабасці» — парадаксальна, але менавіта ў нашых слабасцях можна дасведчыць вялікай сілы любові. Нашы раны становяцца не момантамі страху і знішчэння, але момантамі любові».
Дзень трэці, у якім дзяўчаты разважалі пра вобраз Бога
На трэці дзень рэкалекцый, спатоліўшы смагу Божым Словам, удзелам у адарацыі, угляданнем у Езуса і разважаннямі над вобразам сябе вачыма Госпада, дзяўчаты накіраваліся на служэнне. Наведалі людзей з інваліднасцю ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Браславе. Мы былі шчаслівыя цёпла правесці час: пазнаёміцца, памаліцца разам ружанец, у спевах і ў танцах праславіць Госпада.
Падчас фінальнай сустрэчы сястра Таццяна Гмыза дала некалькі канкрэтных парад дзяўчатам, якія вырашаюць, куды накіраваць сваё жыццё, якім шляхам пайсці і як будаваць адносіны з сабой, іншым чалавекам і — найперш — Богам.
Яна агучыла няпростыя пытанні, на якія мы шукалі адказу на малітве: які ў вас вобраз Бога? Як вы сабе Яго ўяўляеце? Якія пачуцці ўзнікаюць, калі думаеце пра Яго?
Каб убачыць сапраўдны вобраз Бога, а не прыдумаць яго, трэба часцей шукаць апісанне характару і дзеянняў Айца ў Бібліі. Чым часцей будзем чытаць сведчанні Езуса пра Бога, тым прасцей нам будзе будаваць адносіны з Ім.
Напрыканцы кожная ўдзельніца рэкалекцый падзялілася сваімі думкамі адносна вобраза Бога — для нас Ён і любячы, міласэрны бацька, і сябра, і настаўнік, і лекар, і крэатыўны творца, і справядлівы суддзя… Упэўнена, што пасля гэтых рэкалекцый кожная з нас яшчэ не раз вернецца да пошукаў сэрцам праўдзівага Бога, які можа паказаць нам сапраўдных нас.
Каб стаяць у праўдзе перад Госпадам, сабой і іншымі людзьмі, патрэбная немалая смеласць. Яе і набіраліся ўдзельніцы рэкалекцый — дапамагалі малітва, адарацыя, споведзь, духоўная размова з айцом Віталем Даніловічам MIC і святая Імша — ніхто не ўмацуе лепш за Самога Езуса.
У некаторых дзяўчат атрымалася зазірнуць углыб сябе і напрыканцы трох дзён яны з радасцю і пачуццём лёгкасці дзяліліся тым, што змаглі знайсці адказы на некаторыя свае пытанні і гатовыя працягнуць пошук і зазіранне ў сябе і ў Езуса, чыім адлюстраваннем мы ўсе з’яўляемся.
Ася Паплаўская, eucharystki
для друку