Біскуп у гразі на Фестывалі жыцця ў Польшчы

Адна з адметнасцей Фестывалю жыцця — экстрэмальны відовішчны крос. На працягу ўсяго тыдня ў Сілезскім Какатэку праходзіць найбуйнейшы хрысціянскі фестываль моладзі ў Польшчы, які збірае больш за 1500 чалавек з усёй краіны і ўсяго свету.

На складаным 5-кіламетровым маршруце Фестывальнага прабегу ў Какатэку, акрамя моладзі, з’яўляюцца таксама святары, законнікі і законніцы, якія эфектна пэцкаюць свае габіты ў пыле і гразі. Гэтым разам на старце гонкі нечакана з’явіўся біскуп Пётр Пшыборэк з Гданьска, як адзін з 500 удзельнікаў. Ён прыехаў цэлебраваць Імшу на каталіцкі фестываль жыцця ў Какатэк. Але перад тым, як апрануць літургічнае адзенне, ён з вясёлым юнаком пераплыў сажалку, прайшоўся па гразкіх канавах, падняўся на пясчаныя дзюны і імчаўся па лясных сцежках.

– Людзі часам зацягваюць біскупаў у бруд. Я вырашыў паспрабаваць, што гэта такое. Вельмі добра, гэта не так ужо і дрэнна! – засмяяўся, патануўшы па пояс, біскуп Пшыбарэк, прабіраючыся праз глыбокае балота.

Калі на фінішы ён атрымаў медаль і выпіў бутэльку вады, з-пад тоўстага пласта бруду красамоўна пабліскваў пярсцёнак біскупа на яго пальцы. На пытанне, ці з’яўляецца гэта сімвалам таго, куды сёння павінна ісці духавенства, каб дайсці да маладога пакалення, ён коратка адказаў: «Гэта не перыферыі Касцёла, гэта яго цэнтр».

– Выдатны прабег, цудоўная атмасфера! Нехта тоне, другі яму дапамагае, падае руку, цягне за валасы… Выклік моцны! – рэзюмаваў біскуп за некалькі хвілін да таго, як разам з усімі скокнуў у возера на завршэнне спаборніцтва.

Паводле ekai.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку