“Называемся дзецьмі Божымі і імі з’яўляемся, таму асмельваемся казаць: Ойча наш…” Так у Эўхарыстычнай літургіі падчас Пасхальнага перыяду гучыць заклік святара маліцца разам да нашага Нябеснага Таты. Вялікі пост – гэта шлях да Пасхі і адначасова да аднаўлення той самай першай і фундаментальнай ласкі святога хросту, дзякуючы якой мы становімся Божымі дзецьмі, часткай Божай сям’і.
Пазіцыя дзіцяці і евангельская мудрасць
У мінулы раз у гэтай рубрыцы мы пачалі разважаць, што ў Святым Пісанні маецца на ўвазе, калі ідзе гаворка пра тое, каб “быць як дзеці” (пар. Мц 18, 3). Асноўная выснова, да якой мы прыйшлі, датычыла радыкальнай залежнасці дзяцей ад дарослых: іх жыццё праходзіць у няспыннай повязі, лучнасці з іншымі – перш за ўсё з бацькамі. Гэтая праўда ў нашых адносінах з Богам ніколі не траціць сваёй актуальнасці, нават калі мы становімся дарослымі: мы не “вырастаем” з повязі з Богам, не перастаём мець патрэбу ў любові і провідзе Нябеснага Таты. Менавіта дзіцячая пастава перад Богам з’яўляецца ўмовай, каб мець доступ да вялікай таямніцы Божага Валадарства: “Ойча … Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям”, – кажа Пан Езус (Мц 11, 25). Канешне, трэба правільна разумець, што тут Хрыстус мае на ўвазе пад “мудрасцю і розумам”, якія, наадварот, перашкаджаюць пазнаваць Божую праўду. Гэта не тыя мудрасць і розум, каторыя паходзяць ад Духа Святога як Яго дары. Ёсць “мудрасць Божая” і “мудрасць чалавечая”, як сцвярджае апостал Павел (гл. 1 Кар 1, 18-31). Тыя, хто лічаць сябе “мудрымі” паводле стандартаў гэтага свету, у адарванасці ад Божага аб’яўлення, і дзякуючы ўласнаму розуму імкнуцца здабыць сабе “месца пад сонцам”, насамрэч з’яўляюцца неразумнымі перад абліччам Стваральніка, бо, вобразна кажучы, будуюць дом свайго жыцця на пяску (пар. Мц 7, 26).
Слова Божае не раз ставіць нас перад парадоксамі: напрыклад, Пан Езус вучыць апосталаў “быць разважлівымі, як змеі, і простымі, як галубы” (Мц 10, 16). У гэтых парадоксах насамрэч няма супярэчнасці. Евангельская пазіцыя дзіцяці не супярэчыць сапраўднай мудрасці, якая ёсць “чыстая, … міралюбная, ласкавая, пакорлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронняя, некрывадушная” (Як 3, 17). У такой мудрасці ўзрастаў сам Езус (пар. Лк 2, 40-52). Гэтая мудрасць вядзе да “меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты” (Еф 4, 17), пры гэтым не адмаўляючы, а ўмацоўваючы нашу тоеснасць як сыноў і дачок ўсемагутнага Бога.
Быць як дзеці ≠ быць інфантыльнымі
Як жа нам звязаць абавязкі дарослага жыцця з евангельскай пазіцыяй дзіцяці? Калі Пан Езус ставіць вучням у прыклад дзіця, Ён, напэўна, не ідэалізуе дзяцінства і не заплюшчвае вочы на негатыўныя рысы, характэрныя для малодшага ўзросту: эгацэнтрызм, капрызнасць, імпульсіўнасць, недахоп адказнасці… Хрыстус не заахвочвае сваіх слухачоў “захраснуць” у дзяцінстве. Заставацца з такімі рысамі азначала б заняць інфантыльную, неадказную пазіцыю ў жыцці. Нашае сталенне “паводле Хрыстовай паўнаты” і паглыбленне нашай сутнасці Божых дзяцей – гэта якраз адмова ад рэштак інфантыльнасці. Магчыма, камусьці з нас будзе карысна праз гэту прызму паглядзець на шлях Велікапоснай аскезы: усвядоміць рысы нясталасці ў сабе і імкнуцца да супрацьлеглых цнотаў.
Аднак пры гэтым трэба мець таксама на ўвазе, што некаторым з нас давялося занадта рана “стаць дарослымі” – г. зн. хтосьці па розных прычынах быў пазбаўлены магчымасці да канца пражыць сваё дзяцінства і не меў мудрага, разважлівага суправаджэння ў пераходзе ад дзіцячага стаўлення да вымаганняў дарослага жыцця. Такімі прычынамі маглі быць развод бацькоў ці хранічная напружанасць паміж імі, залежнасць аднаго ці абодвух бацькоў (і сузалежнасць, якая ўзнікае ў такім выпадку), цяжкая хвароба кагосьці ў сям’і, недахоп адабрэння, любові і пяшчоты, празмерная крытыка і жорсткасць, вербальны ці нават фізічны гвалт, неспрыяльнае акружэнне ў школе, проста памылкі і недахопы ў выхаванні… У такім выпадку часта трэба, наадварот, вучыцца клопату пра сябе і памятаць, што любоў да іншых, каторая з’яўляецца часткай галоўнай запаведзі, мае як неабходную ўмову здаровую любоў да сябе.
Знайсці здаровы баланс
Паспрабуем коратка разгледзець, што папярэдняе разважанне азначае адносна некаторых рысаў і стаўленняў.
Мы ўсе нараджаемся на гэты свет як эгацэнтрыкі: ва ўспрыманні немаўляці ўвесь свет круціцца вакол яго і ягоных патрэбаў, пра што яно ад часу да часу “заяўляе” пранізлівым плачам (гэта своеасаблівае “я ёсць” немаўляці). З аднаго боку, дзіця павінна пазбаўляцца капрызнасці і паступова вучыцца браць пад увагу інтарэсы іншых асобаў, пачынаючы ад братоў і сясцёр, і вучыцца шчодрасці і бескарыслівасці: напрыклад, умець дзяліцца цацкамі і цукеркамі (і сваім часам, які, як мы паступова ўсведамляем, ёсць нашым найкаштоўнейшым рэсурсам). Аднак адмова ад эгацэнтрызму – “адрачэнне ад сябе”, пра якое так часта кажа Хрыстус у Евангеллі, не азначае адмовы ад здаровага задавальнення нашых патрэбаў. Напрыклад, дапамога іншым (прынамсі ў доўгатэрміновай перспектыве) не павінна весці да недахопу неабходнага адпачынку. Знайсці баланс у гэтым аспекце – вось рыса той Божай мудрасці, пра якую гаворка ішла вышэй, і адначасова праяўленне сталасці дзіцяці Нябеснага Таты.
Іншы прыклад датычыць спантаннасці, якая негатыўна можа праяўляцца ў імпульсіўнасці і нястрыманасці – спачатку ў дзяцінстве, а потым і ў дарослым узросце. З аднаго боку, дарослыя вучаць дзіця, што не кожны імпульс і жаданне павінны праяўляцца знешне, бо могуць мець неадназначныя наступствы: напрыклад, у касцёле бацькі стараюцца, каб іх дзеці не паводзілі сябе шумна і не перашкаджалі іншым. Аднак, калі занадта строга ці нават жорстка “абсякаць” любыя праявы дзіцячай спантаннасці (пры гэтым яшчэ і пагражаючы пакараннем “божанькі”), маленькая чалавечая асоба пазбаўлена магчымасцяў пазнаваць навакольны свет і вучыцца метадам “спробаў і памылак”, а на дадатак засвойвае нездаровае пачуццё віны і страх пакарання (што ўплывае на вобраз Бога, які ў нас ствараецца ўжо, пачынаючы з дзяцінства). “Залатой (мудрай) сярэдзінай” у гэтым выпадку будзе ўменне стрымаць сябе, каб не парушаць законныя граніцы іншых, аднак без таго, каб лічыць сябе “ніжэйшымі за плінтус” і залішне абмяжоўваць у словах і праявах пачуццяў.
Падсумоўваючы, адзначым, што евангельская пазіцыя дзіцяці не адмаўляе сапраўднай чалавечай сталасці і не азначае інфантылізму ў падыходзе да жыцця. Памазанне Духа Святога, якое мы атрымалі ў сакраманце хросту, дапамагае нам знаходзіць баланс паміж здаровым задавальненнем нашых патрэбаў і выйсцем па-за межы эгацэнтрычнай засяроджанасці на сабе. Няхай Дух суправаджае нас на гэтым шляху, як Езуса ў пустыні!
а. Віктар Жук SJ
