Біблія: лічбы, якія ўражваюць. І могуць добра навучыць нас цярпенню

Калі вы адчуваеце расчараванне, з-за таго, што Бог не адказвае на вашыя малітвы, вось выдатны напамін, што здавацца нельга ніколі. Цнота цярпення — гэта тое, чаго многім з нас не хапае, асабліва ў пэўныя моманты жыцця.

Могуць здарыцца моманты, калі вы крычыце на сваіх дзяцей, таму што адчуваеце стомленасць. Можна бурчэць сабе пад нос, таму што ў кавярні задоўга гатуюць каву, а вы ж спяшаецеся на працу…

Цярпенне патрабуе шмат сіл, таму можна зразумець, чаму яно лічыцца знакам святасці і адкуль паходзіць выраз «быць цярплівым, як святы». А паколькі хрысціяне пакліканы быць святымі, давайце старацца наследаваць святых мужчын і жанчын Касцёла. (Хаця — не панікуйце, ёсць святыя, якія не заўсёды гэтым адрозніваліся — вось хоць бы св. Кіпрыян, яскравы прыклад!)

Так што калі вы большы прыхільнік св. Кіпрыяна, чым св. Монікі, якая праславілася неверагоднай цярплівасцю, якую яна дзесяцігоддзямі праяўляла да свайго непаслухмянага сына Аўгустына, Біблія можа натхніць вас і даць зразумець, што цярпенне акупляецца.

Калі мы паглядзім на некаторыя вельмі красамоўныя лічбы ў Бібліі, то заўважым, што нават ключавым дзеячам гісторыі збаўлення прыйшлося чакаць не дні, месяцы ці нават гады на выкананне абяцанняў або адказаў на іх малітвы, але часта менавіта дзесяцігоддзі.

Цярпенне ў лічбах

Старазапаветнаму Юзафу, напрыклад, прыйшлося чакаць доўгіх 13 гадоў, перш чым яго вызвалілі, а затым нават прызначылі кіраўніком Егіпта. Абрагаму прыйшлося чакаць чвэрць стагоддзя, перш чым ён дачакаўся сына, Ісаака, — да таго часу яму споўнілася 100 гадоў. Што тычыцца Майсея … ну, яго 40-гадовае чаканне ў пустыні, перш чым правесці ізраільцян да абяцанай зямлі, прадэманстравала фенаменальную ўстойлівасць.

У Новым Запавеце таксама няма недахопу ў тых, каму давялося чакаць адказу на свае малітвы. Успомнім маці Яна Хрысціцеля; сказана, што яна была бясплоднай і павінна была чакаць да старасці, перш чым Бог яе блаславіў дзіцём — стрыечным братам Езуса. Урэшце, падумайце пра самога Хрыста. Ён чакаў не менш 30-ці гадоў, перш чым пачаць сваё публічнае служэнне, — гэта значыць, пакуль не надышла гадзіна, прызначаная Яго Айцом.

Такім чынам, калі вам патрэбны напамін пра тое, каб быць цярплівым і даверыцца Божаму часу, падумайце пра святых мужчын і жанчын, якія жылі раней, якія не толькі праявілі вялікую веру і цярпенне ў выкананні Божай волі, але атрымалі (ці зрабілі) нават больш, чым самі маглі ўявіць.

pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі