— Практычна кожны мужчына любіць выклікі, а канфірмацыя — гэта своеасаблівы ўваход у выжыванне ў веры, бо абавязвае нас адважна ісці за Езусам Хрыстом, — сказаў біскуп Дарыюш Залеўскі ў капліцы турэмнага ізалятара ў Сувалках (Польшча), дзе шэсць вязняў прынялі сакрамант бежмавання.
Біскуп Залеўскі, які ўдзяліў сакрамант, падкрэсліў у гаміліі, што неабходна мець вялікую адвагу, каб прыняць канфірмацыю, асабліва калі яна адбываецца ў такім месцы, як турма, бо ў вачах іншых вязняў гэта можа ўспрымацца як слабасць. Ён заахвоціў усіх выбіраць у паўсядзённым жыцці нават маленькае дабро, бо гэта засцерагае людзей ад памылак у жыцці, якія могуць скончыцца турэмнымі кратамі.
— Дзякуй, што Вы прыйшлі да нас і сваёй прысутнасцю гаворыце сабраным тут мужчынам, што Касцёл верыць у іх і Бог ад іх ніколі не адмовіўся, — прамовіў капелан следчага ізалятара ў Сувалках кс. Сымон Высоцкі.
— Падрыхтоўка да канфірмацыі ў такім месцы, як турма, вельмі простая і складаецца пераважна з індывідуальных размоў, катэхезы і сакрамантальнага жыцця, — дадаў капелан.
У якасці падзякі вязні падарылі біскупу кнігу «За сёмай брамай — свабода» і ружанец, просячы аб малітве за іх. Напрыканцы цырымоніі біскуп уручыў кожнаму крыж і абраз, каб яны нагадвалі пра гэты асаблівы дзень і прыняцце моцы Святога Духа.
Паводле deon.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч