Беларуска на Сусветных Днях Моладзі: «Папа, патэлефануй мне»

JanaУ Кракаве на сустрэчы Пантыфіка з валанцёрамі ў Таўрон Арэне 31 ліпеня Беларуска з Гродна Яна Шостак выставіла вялікі транспарант з надпісам «Papa, call me» і нумарам свайго тэлефона.

Яна, якая ўдзельнічала у Сусветных Днях Моладзі ў Кракаве ў якасці валанцёра, ўжо некалькі гадоў жыве і вучыцца ў Польшчы (апошнім часам — у Кракаўскай акадэміі мастацтваў), і цяпер чакае званка ад Папы Францішка. Яе аб’яву паказалі па тэлеканалах розных краінаў, паведамляе krakow.wyborcza.pl.

«Пакуль Папа не тэлефанаваў, але я атрымала шмат смс і званкоў ад людзей з розных краінаў — Індыі, Польшчы, Швейцарыі, Англіі, Германіі. Некаторыя жартавалі, а іншыя прадстаўляліся перакладчыкам Папы Францішка. Адзін з тых, хто напісаў смс, прасіў перадаць Пантыфіку, што яго любяць. Я не губляю надзеі, што Папа патэлефануе мне», — адзначыла маладая артыстка.

Яна дадала, што просьба да Папы была артыстычнай акцыяй. «Некаторыя артысты агаляюцца, а я паказала публічна мой нумар тэлефона», — заўважыла Яна Шостак.

Таксама падчас СДМ беларуска разам з польскай студэнткай Кракаўскай акадэміі мастацтваў Марыяй Альбрыхтовіч ажыццявілі праект «Who Is Your Pope?». Яны стварылі сцяг з вобразам Папы Францішка ў стылістыцы СДМ і без кансультацыяў з арганізатарамі міжнароднага мерапрыемства размясцілі яго на кракаўскай плошчы побач са сцягамі, якія прадстаўляюць Яна Паўла Другога і святую Фаўстыну (нябесных заступнікаў СДМ).

“Яна, OPEN табой ганарыцца!!! Вельмі цудоўны спосаб камунікацыі з Папам. Цяпер толькі застаецца чакаць на тэлефон ад Папы. А нават, калі Папа і не затэлефануе, то не сумуй. Ты ад імя ўсёй моладзі выказала свой давер да Папы. Ён ведае, што моладзь яго слухае і яму давярае!!!!”, – каментуе ўчынак дзяўчыны кс. Антоній Грэмза, душпастыр гродзенскага аб’яднання студэнцкай і працуючай моладзі “OPEN”, які быў адказным за падрыхтоўку беларускай моладзі да ўдзелу ў СДМ.

Сусветныя Дні Моладзі прайшлі ў Кракаве 26-31 ліпеня. У заключнай Імшы з удзелам Папы Францішка ўзялі ўдзел ад 2,5 да 3 мільёнаў чалавек з больш чым 180 краінаў.

krynica.info

для друку для друку