Асноўныя моманты дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў

кс. Аляксей Ляшко

Старшыня сінадальнай камісіі кс. Аляксей Ляшко патлумачыў асноўныя моманты дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў у Віцебскай дыяцэзіі. Запрашаем азнаёміцца з тэкстам тлумачэння.

Дарагія браты і сёстры, шаноўныя святары, законныя браты і сёстры!

Як вы ўжо ведаеце Святы Айцец Францішак абвясціў адкрыццё дыяцэзіяльных этапаў Сіноду Біскупаў, які адбудзецца ў Рыме ў 2023 годзе. Ён запрасіў усіх нас, нягледзячы на тое, кім мы з’яўляемся (свецкія вернікі ці духоўныя асобы) прыняць удзел у падрыхтоўчым этапе гэтага Сіноду. Папа жадае пачуць і зразумець, чым жыве Касцёл у свеце, якія праблемы і пытанні яго хвалююць. Ён жадае, каб у гэтым падрыхтоўчым этапе прыняў удзел кожны, па магчымасці і жаданні.

Што галоўнае ў Сінодзе?

Галоўным этапам Сіноду з’яўляецца слуханне, распазнаванне і ўдзел. Аднак сінадальны працэс, гэта перш за ўсё духоўны працэс. Гэта не сухі адказ на пытанні анкеты, якую ўжо праз некалькі дзён мы з вамі атрымаем, ці зможам пабачыць у каталіцкіх сродках масавай інфармацыі. Галоўнай мэтай падрыхтоўчага этапу Сіноду з’яўляецца слуханне, якое накіравана на распазнаванне таго, што Бог кажа ўсім нам. Толькі дзякуючы натхненню Духа Святога, у якім “знаходзіцца нашае адзінства і які дзейнічае ў кожным месцы і ў кожны час” (пар. Малітва за Сінод Adsumus Sancte Spiritus), мы зможам выказаць нашыя думкі, надзеі і даць адказ.

Агульны дакумент для Апостальскай Сталіцы

Пазней нашыя адказы будуць апрацаваныя ў канчатковы дакумент, які, у сваю чаргу, будзе перададзены ў Генеральны Сакратарыят Сіноду Біскупаў у Апостальскую Сталіцу. Вядома, што для таго каб апрацаваць усе адказы, неабходна пэўная колькасць адказных за гэта асоб. І таму, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прызначыў Дыяцэзіяльную сінадальную камісію, у якую ўвайшлі прадстаўнікі духавенства і свецкіх асоб: кс. Аляксей Ляшко, кс.кан. Віктар Місевіч, а. Анджэй Юхневіч ОМІ, с. Серафіна Мацулевіч, служабнічка НМПБЗ, с. Дар’я Галубкова ОV, сп. Дзмітрый Образаў. Адказнымі за супрацоўніцтва з Дыяцэзіяльнай сінадальнай камісіяй у дэканатах, ксёндз біскуп прызначыў ксяндзоў дэканаў.

Жаданне Папы – пачуць усіх людзей: самых уразлівых, нябачных, тых, якія аддаліліся ад Касцёла або не маюць у ім свайго голасу. Мы разумеем, наколькі абмежаваныя нашыя магчымасці, але спадзяемся на дапамогу Святога Духа, які і з’яўляецца фундаментам усялякай саборнасці і нашага адзінства насуперак усім супярэчнасцям, крыўдам, ранам і страхам, якія нас дзеляць.

Мы абяцаем, што згодна з падрыхтоўчымі сінадальнымі дакументамі зробім усё, што ад нас залежыць, каб галасы тых, хто прыме ўдзел у гэтым этапе Сіноду, знайшліся ў выніковым дакуменце.

Аднак нам неабходна памятаць, што канчатковая мэта абвешчанага Папам Францішкам Сіноду, і, такім чынам, гэтых кансультацый, — гэта  “не распрацоўка дакументаў. Мэта Сіноду —  зрабіць так, каб здзяйсняліся мары, нараджаліся прароцтвы і бачанні, квітнелі надзеі, абуджаўся давер, гаіліся раны, завязваліся адносіны, займалася зара надзеі, каб мы вучыліся адзін у аднаго і разам стваралі вобраз Касцёла, які асвятляе розум, запальвае сэрцы і надае моц рукам” (пар. На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія”. Падрыхтоўчы дакумент).

Хто можа прыняць удзел у Сінодзе?

Мы просім кожнага па магчымасці прыняць удзел у сінадальным працэсе і асабіста, і дапамагаючы тым, хто знаходзіцца побач з намі: старэйшым людзям, якія не маюць магчымасці даехаць да касцёла і не ўмеюць карыстацца Інтэрнэтам, тых,  якія па тых ці іншых прычынах аддаліліся ад Касцёла, адным словам усім тым, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе.

Дарагія браты і сёстры, не бойцеся звяртацца да любога з нас, калі вам патрэбна якая-небудзь дапамога. Не бойцеся звярнуцца і тады, калі вы самі не ведаеце, якая менавіта дапамога вам патрэбна: магчыма, мы таксама гэтага не ведаем, але мы як сінадальная камісія гатовы ставіць пытанні і шукаць адказы разам з вамі. Ва ўсіх выпадках мы пастараемся пачуць, зразумець і дапамагчы.

Зваротная сувязь

Для дапамогі, звязанай з дыяцэзіяльным этапам Сіноду, створана адмысловая паштовая скрыня sinod.vicebsk@gmail.by на якую вы можаце дасылаць свае пытанні. Калі ў вас няма магчымасці даслаць іх праз Інтэрнэт, вы можаце звярнуцца па дапамогу да сваіх душпастыраў і дэканаў, а таксама можаце накіраваць свае пытанні звычайнай поштай па адрасе:

Дыяцэзіяльная сінадальная камісія,
вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 28,
210032  г. Віцебск

кс. Алякей Ляшко, старшыня Дыяцэзіяльнай сінадальнай камісіі ў Віцебскай дыяцэзіі

для друку для друку