Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Мітрапаліта Філарэта

У сувязі са смерцю Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спачуванні Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну.

У скіраваным на адрас Мітрапаліта Веніяміна лісце арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч піша:

«З глыбокім смуткам я прыняў вестку пра смерць Высокапраасвяшчэннага Мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. З адыходам гэтага дастойнейшага Архіпастыра Беларуская Праваслаўная Царква панесла незаменную страту: пайшоў з жыцця яе шматгадовы духоўны лідар.

Стаўшы на чале Царквы ў часы пераследу, Мітрапаліт Філарэт сваім падзвіжніцкім служэннем за чатыры дзесяцігоддзі адрадзіў яе з попелу. Красамоўнае сведчанне гэтага — заснаванне новых прыходаў, навучальных установаў і манастыроў, а таксама развіццё выдавецкай, асветніцкай, дабрачыннай і міратворчай дзейнасці ды многае іншае.

Як верны слуга Царквы Хрыстовай Мітрапаліт Філарэт здабыў высокую павагу як сваіх аднаверцаў, так і католікаў, і прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, а таксама ўсяго беларускага грамадства.

Спачылы Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы шмат увагі надаваў развіццю адносінаў з іншымі веравызнаннямі, у тым ліку з Каталіцкім Касцёлам.

Уладыка Філарэт, з якім мяне ядналі повязі братняга сяброўства, шмат у чым стаў для мяне прыкладам і настаўнікам, за што я яму асабліва ўдзячны.

Выказваючы мае спачуванні Беларускай Праваслаўнай Царкве і падзяляючы яе боль, малюся аб радасці вечнага шчасця ў Валадарстве Нябесным новапрастаўленаму рабу Божаму Мітрапаліту Філарэту.

Вечны адпачынак дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць», — завяршае кароткім малітоўным заклікам свой спачувальны ліст арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Catholic.by

для друку для друку