Арцыбіскуп Кандрусевіч у Папяльцовую сераду: “Вялікі пост – падарожжа, у якім карабель Касцёла плыве ў порт уваскрашэння”

Пра тое, што Вялікі пост з’яўляецца часам ласкі, навяртання і хрысціянскай надзеі, нагадаў вернікам арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у Папяльцовую сераду, 5 сакавіка.

У гэты дзень, якім распачаўся сёлетні Вялікі пост, арцыбіскуп цэлебраваў Эўхарыстыю ў дзвюх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі – сваёй роднай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску і парафіі Святога Духа ў Гродне.

У гаміліі іерарх адзначыў, што “трагедыя першароднага граху паўтараецца”. “Пасля таго як у раі чалавек з’еў плод з забароненага дрэва, ён пазнаў дабро і зло. Па словах апостала Паўла, чалавек ведае, што такое дабро, але ў той жа час чыніць зло. Прыказка кажа, што забаронены плод салодкі. Але гэтая слодыч абарочваецца горыччу граху”, – дадаў арцыбіскуп.

Вялікі пост ён назваў адпаведным часам для навяртання. Іерарх нагадаў, што абрад пасыпання галоваў попелам, якім распачынаецца гэты літургічны перыяд, паходзіць са Старога Запавету, калі грэшнік падчас пакаяння пасыпаў галаву попелам і разрываў сваю вопратку. Новы Запавет надаў гэтаму дзеянню новае значэнне, бо заклікае да пакаяння і навяртання, патлумачыў арцыбіскуп.

Па яго словах, тое, што перыяд Вялікага посту размяшчаецца паміж Папяльцовай серадой, калі галовы вернікаў пасыпаюць попелам, і Вялікаднем, калі ўспамінаецца смерць і ўваскрасенне Езуса, нагадвае пра грахоўную смерць чалавека і яго збаўленне.

Кажучы аб тым, што Касцёл часта прадстаўлены ў вобразе карабля, іерарх адзначыў: “У Папяльцовую сераду гэты карабель адчальвае ад порту граху, каб плысці ў порт Божай ласкі”.

“Касцёл дапамагае нам выкарыстаць Вялікі пост так, каб ён стаў часам ласкі і навяртання, – сказаў арцыбіскуп. – Гэта добра ўкамплектаваны карабель, на якім мы плывём. Ён прапануе шмат сродкаў для навяртання – праз набажэнствы Божага слова, Песень жальбы, Крыжовага шляху, праз сакрамэнт пакаяння, дабрачынныя мерапрыемствы і іншае. Таму Вялікі пост – падарожжа нашага навяртання”.

Арцыбіскуп дадаў, што такія практыкі габрэйскай пабожнасці, як малітва, пост і міласціна, Касцёл зацвердзіў у якасці шляху да дасканаласці. “Маліцца – азначае шукаць правільных адносін з Богам; пасціцца – пераналадзіць адносіны з нашым целам і матэрыяльнымі справамі; міласціна азначае правільныя адносіны з навакольным светам і імкненне да сацыяльнай справядлівасці”, – патлумачыў іерарх і падкрэсліў, што гэтыя практыкі духоўна аднаўляюць чалавека.

“Наш велікапосны карабель адчальвае. Сёння мы павінны заняць у ім свае месцы. Попел – гэта наш пасадачны білет. Наш час, нашае жыццё – гэта мора. Крыж – карабельная мачта. Хрыстус – наш капітан”, – такое параўнанне выкарыстаў арцыбіскуп.

Іерарх заклікаў вернікаў “ускласці на свае плечы крыж навяртання і даверыцца Хрысту, які праз свайго Духа будзе весці ў порт уваскрашэння”, каб на Вялікдзень “радасна спяваць “Алелюя” ў знак перамогі над сваімі слабасцямі і грахом”.

Grodnensis.by

для друку для друку