Antiquum ministerium: Папа ўстанавіў паслугу катэхета

Antiquum ministerium – назва апублікаванага 11 мая 2021 г. motu proprio, з якім Папа ўстанавіў паслугу катэхета, вызначаючы яе як неадкладную неабходнасць евангелізацыі ў сучасным свеце.

Сутыкаючыся з «глабалізаванай культурай», «неабходна прызнаць прысутнасць свецкіх вернікаў, якія ў сілу свайго хросту адчуваюць пакліканне да супрацоўніцтва ў служэнні катэхізацыі», — адзначыў Папа Францішак. Ён таксама падкрэсліў важнасць «сапраўднай сустрэчы з маладым пакаленнем», а таксама «неабходнасць творчай метадалогіі і інструментаў, якія робяць абвяшчэнне Евангелля адпаведным місіянерскаму пераўтварэнню ў Касцёле».

Новае служэнне мае вельмі старажытнае паходжанне: аб ім гаворыцца ўжо ў Евангеллі св. Лукі і ў лістах апостала Паўла да Карынцянаў і Галатаў. З часоў Другога Ватыканскага Сабора расце ўсведамленне таго факту, што «задача катэхета надзвычай важная» і неабходная для «развіцця хрысціянскай супольнасці», настолькі, што нават сёння, многія «здольныя і настойлівыя катэхеты» выконваюць «незаменную місію ў перадачы і паглыбленні веры», даносячы да свету «прыгажосць, дабро і праўду хрысціянскай веры».

Сведка веры, настаўнік і спадарожнік, катэхет, — патлумачыў Папа, — пакліканы да душпастырскага служэння перадачы веры ад першага абвяшчэння да падрыхтоўкі да сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі, аж да пастаяннай фармацыі. Служэнне катэхета ў свеце «робіць большы акцэнт на місіянерскіх абавязацельствах, характэрных для кожнага ахрышчанага», і павінна рэалізавацца «ў цалкам свецкай форме, не падвяргаючыся ніякім выразам клерыкалізацыі».

Служэнне катэхета таксама мае моцную каштоўнасць з пункту гледжання паклікання, таму патрабуе «належнай праніклівасці з боку біскупа» і спецыяльнага абраду ўстанаўлення, які Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў апублікуе ў бліжэйшы час.

У той жа час, — падкрэсліў Папа Францішак, — катэхеты павінны: быць мужчынамі і жанчынамі «глыбокай веры і чалавечай сталасці»; актыўна ўдзельнічаць у жыцці хрысціянскай супольнасці; адзначацца здольнасцю «прыняцця, шчодрасці і жыцця ў братэрскіх зносінах»; быць падрыхтаванымі з біблейскага, тэалагічнага, душпастырскага і педагагічнага пункту гледжання; мець папярэдні досвед катэхізацыі; добрасумленна супрацоўнічаць са святарамі і дыяканамі, а таксама «жыць сапраўдным апостальскім энтузіязмам».

У сваім Апостальскім лісце Пантыфік запрасіў Канферэнцыі Біскупаў «зрабіць служэнне катэхетаў эфектыўным», усталяваўшы працэс фарміравання і нарматыўныя крытэрыі, неабходныя для кандыдатаў да прыняцця гэтай новай у Касцёле паслугі.

Паслуга (лац. ministerium) – гэта служэнне, даручанае біскупам верніку, з мэтай выконваць пэўныя задачы ў Касцёле; яна адрозніваецца ад сакрамэнтальнага пасвячэння. Абрад увядзення ў паслугу называецца ўстанаўленнем (лац. institutio). Да сённяшняга дня ў Каталіцкім Касцёле існавала дзве паслугі: лектарат і акалітат.
Аляксандр Амяльчэня,  беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку