«Агонь паклікання немагчыма схаваць». Cястра Галіна Салодкая SJE адзначыла 25-годдзе манаскіх шлюбаў

17 ліпеня ў кляштары Сясцёр Эўхарыстак у Браславе на заканчэнне штогадовых рэкалекцый адбылася ўрачыстасць з нагоды 25-годдзя манаскіх шлюбаў сястры Галіны Салодкай SJE.

Урачыстую Літургію ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які, як кажуць сёстры, «стаў родным для ўсей Кангрэгацыі».

Гэта святая Імша завяршыла рэкалекцыі, штогадовыя духоўныя практыкаванні ў маўчанні, якія праводзіў айцец Андрэй Юхневіч OMI. Падчас святочнай гаміліі ён узрушыў прысутных сясцёр, родных і сяброў сястры Галіны прыпавесцю пра хлопчыка, які меў талент маляваць, але дарослы свет яго не прымаў, таму што яго талент не змяшчаўся ў рамках дарослага жыцця. І толькі сапраўдны мастак змог заўважыць яго таленавітасць і, калі прымаў яго ў свае вучні, сказаў, што агонь не схаваеш ў паперку.

Падобна і Божае пакліканне нельга схаваць. Яно будзе пячы знутра сэрца і будзе відавочна для іншых. Таксама айцец параўнаў манаскае жыццё да дарогі поўнай паваротаў.

Чалавек не бачыць поўнага шляху, а толькі яго частку, і за пэўным паваротам з’яўляеццца крыж, як знак любові і збаўлення.

Таму на 25-годдзе манаскіх шлюбаў у Кангрэгацыі Сясцёр Эўхарыстак уручаецца крыж, які нагадвае пра шлях збаўлення. Яго ўручаюць пасля аднаўлення манаскіх шлюбаў, падчас якіх сястра шлюбуе чыстасць, убоства і паслухмянасць.

Сястра Галіна Салодкая паходзіць з вёскі Удзела Глыбоцкага раёна. Несла служэнне ў розных мясцінах Беларусі. І працягвае служыць сваім вялікім талентам як арганістка і катэхэтка.

Няхай Госпад адорвае сястру Галіну неабходнымі ласкамі, мудрасцю і дарамі Духа Святога, каб яна не баялася новых паваротаў у сваім жыцці.

С. Таццяна Гмыза SJE
eucharystki

для друку для друку