Тры гады таму ў беларускіх каталіцкіх семінарыях быў уведзены прапедэўтычны (падрыхтоўчы) курс у фармаце першага года навучання. “Каталіцкі Веснік” наведаў клерыкаў-першакурснікаў і даведаўся, як жыве і функцыянуе семінарыя.
Падрыхтоўчы год з сядзібай ў Мінску лічыцца першым годам Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне і Пінску. Калі казаць агулам, гэта такі падрыхтоўчы курс, які дазваляе хлопцам пазнаць асноўныя праўды веры, катэхізіс, каб далей распачаць семінарыйную фармацыю. Гэты год дазваляе распазнаць юнакам, ці той гэта шлях, які яны абралі.
Пра семінарыйнае кіраўніцтва
Сёлета на падрыхтоўчым курсе навучаецца восем семінарыстаў, якімі апякуюцца два святары. Так званай пасады рэктара тут няма. Ксёндз Павел Эйсмант – куратар першага курса. Яго задача – дапамагаць хлопцам у справах дысцыпліны, прызначаць заняткі, лекцыі, дамаўляцца з выкладчыкамі. Таксама святар з’яўляецца эканомам і займаецца рознымі справамі быту, фінансавымі пытаннямі.
Ксёндз Алег Пятрашка – духоўны айцец клерыкаў. Ён клапоціцца пра духоўнае сталенне і ўзрастанне юнакоў, размаўляе з семінарыстамі на розныя актуальныя тэмы, праводзіць канферэнцыі духоўнага айца, дбае пра споведзь, якая праходзіць па пятніцах. У гэты дзень у семінарыю прыязджаюць таксама іншыя святары-спаведнікі.
Пра малітву і духоўнасць
Асноўны акцэнт у семінарыі ставіцца на духоўныя, рэлігійныя веды, шмат увагі звяртаецца на пазнанне Божага Слова. Біблія і сакраманты тут, безумоўна, на першым месцы. Па серадах праходзіць Біблійнае кола, дзе кожны клерык мае магчымасць выказацца, падзяліцца пэўным фрагментам або выказваннем.
Пасля вячэрняй малітвы і біблійнага разважання ў семінарыі захоўваецца цішыня. А 22.30 хлопцы ўжо адпачываюць. На працягу ночы Божае Слова дзейнічае. Устаюць клерыкі а 7-й гадзіне раніцы і ідуць на малітву. Адразу пасля яе зноў вяртаюцца да таго біблійнага ўрыўка, што і ўвечары. Такім чынам пэўны фрагмент бачыцца з розных бакоў, а юнакі вучацца разважаць.
Дарэчы, ранішняя малітва, на якой я прысутнічала, адбывалася на польскай мове. Аказалася, што два дні на тыдзень у семінарыі польскамоўныя. Па словах куратара першага курса кс. Паўла Эйсманта, такая практыка патрэбная для таго, каб будучыя святары ў далейшым свабодна маглі маліцца на польскай мове або прамаўляць Слова Божае. Бо, як вядома, у шматлікіх парафіях краіны ёсць польскамоўныя Імшы.
Шмат часу тут адводзіцца для індывідуальный малітвы. Асабліва ў суботу і нядзелю. У памяшканні, акрамя асноўнай капліцы, ёсць невялічкая каплічка для адарацыі, якая з’явілася ў гэтым годзе. Сюды клерыкі могуць прыходзіць у любы момант на асабістую малітву. Калі я ўвайшла туды, там нікога не было – юнакі знаходзіліся на занятках. Аднак ксёндз Алег узгадваў дні, калі там не бывала свабоднага месца.
Пра адказ на заклік Бога
Пасля святой Імшы, якая адпраўляецца ў семінарыі кожны дзень, я крыху паразмаўляла з клерыкамі, якія падзяліліся гісторыямі свайго паклікання.
Клерыку Давіду Венцэку ўжо сорак гадоў. Пра сябе ён распавядае так: “Я нарадзіўся ў Польшчы, а трынаццаць гадоў назад прыехаў у Беларусь як валанцёр. Тут і застаўся. Жаданне пайсці ў семінарыю ў мяне ўзнікла даўно. Але некаторы час былі пэўныя перашкоды. А ў мінулым годзе я даведаўся, што ёсць магчымасць сюды паступіць на першы курс”.
Сямнаццацігадовы семінарыст Павел Догель родам з Ліды, з парафіі Божай Міласэрнасці. Сваё цвёрдае “так” юнак сказаў Богу ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі, пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту і начнога чування.
Аляксандр Каляга, якому дваццаць два гады, паходзіць з Глыбокага. Юнак распавядае: “Пасля школы я паступіў у медыцынскі ўніверсітэт. Там правучыўся тры з паловай гады. Аднак потым адчуў, што Бог мяне кліча. Гэта насамрэч такое цікавае, “райскае” пачуццё. Свае думкі пра семінарыю пасля навучання медыцыне я б назваў “тахікардыяй”, бо, калі адчуў жаданне вучыцца на святара, моцна білася сэрца і думкі пра пакліканне больш мяне не пакідалі”.
Пра побыт і абавязкі
У семінарыі кожны адказвае за пэўную функцыю. Сярод юнакоў вызначаны дэкан курса, закрыстыянін, арганіст, цырымонімайстар. Хтосьці з’яўляецца куратарам хворых, а нехта адказвае за рамонтныя працы, сталовую, дэкарацыі, спорт… Дарэчы, у вольны час хлопцы ходзяць у трэнажорную залу, якая з’явілася ў мінулым годзе дзякуючы старанням клерыка Аляксея і дапамозе вернікаў, каторыя складалі свае ахвяраванні для гэтай мэты. Штосьці таксама было падаравана.
Ставяцца таксама задачы, якія выконваюць клерыкі на працягу тыдня. Напрыклад, лектар чытае рэлігійны тэкст, а кантар спявае псальм. І такіх функцый, за якія адказваюць семінарысты, шмат. Дзякуючы гэтаму ў кожнай сферы наладжаны пэўны парадак. Дарэчы, прыбіраюць семінарыю і свае пакоі хлопцы таксама самі паводле вызначанага графіка. Семінарысты жывуць па двое. Сімвалічна, што кожны з чатырох пакояў мае свайго апекуна – аднаго з чатырох евангелістаў.
А дзявятай гадзіне разам з семінарыстамі мы пайшлі на смачнае сняданне, якое старанна рыхтавала спадарыня Сафія. Усяго клерыкам робяць ежу дзве гаспадыні – Сафія і Любоў, якія дзяжураць па тры дні, жывучы ў семінарыі. У нядзелю юнакі гатуюць самастойна. Бывала, што яны самі пяклі пячэнне, рабілі чабурэкі, запякалі стэйкі. Калі хто з іх хоча прыгатаваць нейкую ежу сам, з гэтым няма праблем.
Пра навучанне і выкладчыкаў
У семінарыі заняткі праходзяць з панядзелка да пятніцы. І доўжацца ад 9.30 да 13.00. Цяпер семінарысты навучаюцца на другім семестры і здаюць залікі. Усяго ў семінарыі дзве сесіі: зімовая і летняя.
Заняткі па польскай мове, на якіх мне ўдалося папрысутнічаць, распачаліся са знака крыжа і з закліка да Духа Святога аб патрэбных дарах у навучанні.
Выкладчыца польскай мовы спадарыня Марына расказала: “З клерыкамі я працую трэці год. Часта сама вучуся ад іх. І, канешне, тады праводжу “шліфоўку” сваіх методык. Мы вывучаем разам шмат касцельных спеваў, вершы класікаў (Міцкевіч) і таго ж святара Яна Твардоўскага, сучасныя прыпавесці і старадаўнія легенды, гісторыі святаў. Я хачу падзякаваць сваім падапечным за ўсё. А асабліва за агульную малітву. Бо не толькі напачатку і напрыканцы заняткаў мы ўсёй групай становімся тварам да крыжа. Я часта ўспамінаю іх у асабістай малітве і ведаю, што гэта ўзаемна”. Цікава, што сярод выкладчыкаў ёсць як духоўныя, так і свецкія асобы.
Кс. Кірыл Бардонаў выкладае для семінарыстаў дысцыпліну “Уводзіны ў хрысціянства”. Святар распавядае: “Уводзіны ў хрысціянства патрэбныя для таго, каб запоўніць прабелы ў катэхезе. Магчыма, нехта з хлопцаў не меў добрай катэхезы ў парафіі або ў ёй не ўдзельнічаў рэгулярна. Асноўны дапаможнік – Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Падрыхтоўчы курс – час своеасаблівай адаптацыі перад семінарыяй. Бачна, што за некалькі месяцаў навучэнцы раскрываюцца, знікае напружанасць. Праз пандэмію навучанне часта адбываецца дыстанцыйна. Сваю ролю як выкладчыка я бачу ў тым, каб не толькі перадаць веды, але і даць старт зацікаўленасці хлопцаў да самастойнага вывучэння вялікага дактрынальнага і духоўнага багацця Касцёла”.
Раз на тыдзень да семінарыстаў прыходзіць вядомая мастачка Надзея Бука. Яна праводзіць з імі майстар-класы па маляванні.
У семінарыі ёсць вялікая бібліятэка. За апошні час яна істотна пашырылася. Плануецца нават дабудаваць стэлажы для кніг. У гэтай справе будзе дапамагаць тата аднаго з клерыкаў. Шмат хто падарыў свае кнігі. Напрыклад, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Казімір Велікаселец, ксёндз-прэлат Андрэй Стэцкевіч. Многае таксама дакупляецца. Святары заўсёды стараюцца хутка набыць усе апошнія навінкі для семінарыі.
Пра падарожжы і канікулы
Пасля заканчэння навучання, пасля сесіі на запрашэнне біскупа Алега Буткевіча семінарысты разам паедуць у Віцебск на супольны адпачынак – “маёўку”. Летам клерыкаў чакае традыцыйная практыка і дапамога пры Гродзенскай семінарыі, а таксама канікулы і пілігрымкі, адпачынак у бацькоўскім доме.
У 2018 годзе семінарысты шмат падарожнічалі, былі нават за мяжой. Аднак праз пандэмію цяпер выездаў стала менш. Сёлета клерыкі наведалі Докшыцы, Паставы, Мядзел і Нарач. Паглядзелі, як жывуць браты ў законным манаскім жыцці. На адпуст таксама былі ў Свіры. Плануюць яшчэ наведаць месца мучаніцтва святога Андрэя Баболі, які прыняў пакутніцкую смерць у Янаве Палескім (сёння – Іванава). Тады ж у іх будзе магчымасць пераначаваць у будынку Пінскай семінарыі.
Пра адвагу і Божае запрашэнне
На развітанне духоўны айцец семінарыі звярнуўся з заклікам да хлопцаў, якія маюць жаданне пайсці ў семінарыю: “Для таго, хто, адкрыў у сабе голас паклікання, галоўнае – не баяцца, быць адважным. Бо часта нам не хапае адвагі, каб пайсці за гэтым голасам. Гэта, напэўна, радыкальная змена жыцця. Але разам з тым і прыгожае запрашэнне ад Бога для таго, каб рэалізаваць сябе на тым шляху, які Госпад падрыхтаваў для мяне, калі я яшчэ не нарадзіўся. Таму ўсім юнакам, якія чуюць гэты голас, раю не баяцца і цалкам даверыцца Богу. Прыйсці і папоўніць Касцёл Беларусі шэрагам прыгожых святароў будучыні, якія будуць абвяшчаць Божае Слова і несці праз сваё служэнне вызваленне ад граху і зла, якое сёння так атакуе нашу грамадскасць”.
Падрыхтавала Ірына Радзевіч
для друку