Ад наркамана да францішканіна

Гісторыя другога нараджэння Антоніа, якая стала натхненнем для стварэння фільма, апісана ў «Corriere della Sera».

Хлопец, які быў залежны ад наркотыкаў, жыў на мяжы закона і не пазбягаў гвалту, сёння айцец Антоніа, францішканін з прыгожай усмешкай і нетрадыцыйнай знешнасцю.

«Доўгая барада, непакорлівая бура валасоў, добрая ўсмешка і неверагодная харызма», — так ахарактарызаваў айца Антоніа Салінара журналіст CdS. «Сёння айцец Антоніа служыць у парафіі Сан Марціна Сікамарыё ў правінцыі Павія (Італія). Магчыма, менавіта ў гэтай сельскай мясцовасці ён знайшоў супакой, канчатковую мэту свайго доўгага паломніцтва».

Ён нарадзіўся ў Таранта ў 1969 годзе, будучы сынам маці-падлетка, ва ўзросце 7 гадоў — як распавядае — «апынуўся ў этылавай коме, выпіўшы літр лікёру». Прамыванне страўніка выратавала яго. Потым былі ўцёкі са школы, няўдачы ў ліцэі і мары пра флот. І … спроба наркотыкаў. «Іх было лёгка знайсці. Праблема была ў тым, што потым прыйшлі цяжкія наркотыкі і бездань», — прызнае ён. Гэта былі 1980-я.

Яго злавілі на наркотыках і выслалі з узброеных сіл. З гэтага моманту пачалося «падазронае» жыццё, якое хутка перарасло ў кашмар, з сур’ёзнымі пагрозамі і ўдзелам небяспечных людзей, звязаных са светам наркатрафіку. Наступіла дэпрэсія, усе яго пакінулі, з цяжкасцю папярэдне адкрытую невялікую краму канцылярскіх прылад прыйшлося зачыніць… Сваркі з маці за грошы на «дозу», якія часта заканчваліся бойкамі. Збіццё бандытамі ў краме. «Яны ўвайшлі, каб забіць мяне, я нават не ведаў, чаму. Я сказаў «хопіць» і папрасіў дапамогі ў маёй маці — жанчыны, на якую я падняў руку і якая ноччу шукала мяне на завулках Таранта, спадзеючыся, што ў мяне не ўзніклі праблемы. Змог аднавіцца з апошніх сіл», — кажа ён.

Яшчэ адным вырашальным момантам быў … уваход у касцёл. «У тую ноч я думаў пра тое, каб пакончыць з сабой, я блукаў без мэты», — распавядае Антоніа. Ён прызнаўся маладому святару, аднагодку, які не спалохаўся, убачыўшы яго доўгія валасы, завушніцы і рванае адзенне. Неўзабаве пасля гэтага яму ўдалося кінуць наркотыкі. З гэтага моманту пачалася доўгая вандроўка, якая скончылася ўступленнем яго ў ордэн францішканаў у 1997 годзе…

gosc.pl

для друку для друку