Ад цыфравых да аналагавых: Каталіцкі Касцёл у Аўстрыі падрыхтаваў шэраг ініцыятыў на Вялікі пост

Каталіцкі Касцёл у Аўстрыі падрыхтаваў шэраг духоўных і практычных ініцыятыў на Вялікі пост 2025 года, які працягнецца з 5 сакавіка да 19 красавіка, заклікаючы вернікаў да разважання, малітвы і міласэрнасці.

Вялікі пост – гэты асаблівы перыяд у літургічным годзе Касцёла – набліжаецца, і дыяцэзіі Аўстрыі прапануюць вернікам шматлікія магчымасці для паглыблення сваёй веры і служэння бліжнім.

Як паведамляе агенцтва «Kathpress», ініцыятывы ахопліваюць як лічбавы, так і традыцыйны фармат, спалучаючы евангелізацыйныя намаганні з практычнай дапамогай патрабуючым і клопатам пра стварэнне.

Зрабіць глыбокі ўдых

Біблійнае таварыства дыяцэзіі Лінц прапануе ініцыятыву пад назвай «Aufatmen» («Зрабіць глыбокі ўдых»), якая прадугледжвае рассылку электронных лістоў з «імпульсамі для малітоўнага роздуму». На працягу Вялікага посту ўдзельнікі атрымліваюць два лісты штотыдзень – адзін у будзённы дзень і адзін у нядзелю. Кожны ліст змяшчае біблійны верш з літургічных чытанняў тыдня. Ён суправаджаецца адпаведным малюнкам і актуальным каментарыем, які дапамагае асэнсаваць Божае Слова ў кантэксце сучаснага жыцця. Гэтая духоўная практыка пачынаецца ў Папяльцовую сераду і завяршаецца ў Велікодны панядзелак.

Казаць «так» на працягу сямі тыдняў

Яшчэ адна ініцыятыва для сем’яў і сужэнскіх пар носіць назву «7 Wochen JA sagen» («Казаць «так» на працягу сямі тыдняў»). Яна арганізавана Рабочай групай каталіцкай сямейнай фармацыі з нямецкага Бона ў супрацоўніцтве з аўстрыйскай арганізацыяй «beziehungleben.at» («Жыццё ў адносінах»).

«У цэнтры ўвагі знаходзіцца не адмаўленне, а набліжэнне да нашых бліжніх – павелічэнне часу, які мы праводзім з мужам ці жонкай, сям’ёй, прыняцце іх такімі, якія яны ёсць, з усімі асаблівасцямі, паўсядзённымі клопатамі, канфліктамі, шчодрасцю і праявамі любові», — гаворыцца ў паведамленні дыяцэзіі Лінц.

Дзверы твайго бліжняга – твае Святыя дзверы

У кантэксце Святога 2025 года, які абвясціў Папа Францішак, Каталіцкі Касцёл у аўстрыйскай федэральнай зямлі Карынтыя распачаў асаблівую дыяцэзіяльную праграму “Дзверы твайго бліжняга – твае Святыя дзверы». Гэта ініцыятыва сімвалічна пераносіць Святыя дзверы – традыцыйны знак Юбілейнага года – у паўсядзённае жыццё вернікаў.

«У Святы год мы імкнёмся перанесці сімволіку Святых дзвярэй у нашы суседскія адносіны», — патлумачыла Элізабет Шнэйдэр-Брандаўэр, дырэктар душпастырскага аддзела дыяцэзіі Гурк, у афіцыйным паведамленні. Установы дыяцэзіі, духавенства, супрацоўнікі і валанцёры заахвочваюцца наведваць людзей у сваім суседстве падчас Вялікага посту і прыносіць ім благаслаўленне. Для гэтай мэты ў касцёльнай краме «Mein Kirchenshop» («Мая касцёльная крама») даступныя бясплатныя паштоўкі з малітвамі благаслаўлення.

Адказнасць за Божае стварэнне

У дзясятую гадавіну выхаду энцыклікі Папы Францішка «Laudato si'» шэраг дыяцэзій зрабіў акцэнт на абароне стварэння і экалагічным навяртанні. Велікапосны каляндар 2025 года, падрыхтаваны Місіянерамі Божага Слова, прапануе штодзённыя разважанні на тэму «Узрастаць з Богам».

«Нашы місіянеры ў Тога, як і ў многіх іншых краінах, працуюць у духу папскай энцыклікі «Laudato si'», імкнучыся захаваць прыгажосць Божага стварэння», — падкрэсліў айцец Стэфан Дэлер, дырэктар місіянерскай пракуратуры святога Габрыэля.

Сродкі, атрыманыя ад распаўсюджвання календара, будуць накіраваны на фінансаванне праекта па пасадцы дрэў, які рэалізуюць Місіянеры Божага Слова ў Тога (Заходняя Афрыка). У васьмі парафіях ужо распачалася маштабная акцыя па пасадцы 10 тысяч дрэў у наваколлі мясцовых вёсак.

«Місіянеры забяспечваюць набыццё саджанцаў каштоўных парод дрэў, у тым ліку магоніі, кеш’ю, акацыі і эўкаліпта. Мясцовыя жыхары саджаюць маладыя дрэвы і даглядаюць іх», — паведамляюць арганізатары.

Гэты праект мае вялікае значэнне для рэгіёна, дзе лясы імкліва скарачаюцца з прычыны лясных пажараў, традыцыйнага падсечна-агнявога земляробства і высокай залежнасці насельніцтва ад драўнянага вугалю. Такім чынам, Місіянеры Божага Слова спрыяюць як экалагічнаму, так і сацыяльнаму развіццю мясцовай супольнасці.

Натхненне для аскезы

У Вене, у Кальварыенбергскім касцёле (Kalvarienbergkirche) 6, 13 і 27 сакавіка 2025 года ў 19.00 пройдуць сустрэчы пад агульнай назвай «Натхненне для аскезы» («Inspirationen zum Verzicht»). На іх прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці засяродзяцца на біблійных тэкстах, якія заахвочваюць да пераасэнсавання спажывецкага ладу жыцця і клопату пра супольны дом.

Фармацэўт і даследчыца Верэна Піхлер, эксперт па праблеме мікрапластыку, прысвеціць сваё разважанне тэме «Матэрыялы, якія ніколі не знікаюць» і іх уплыву на чалавечае здароўе. Эканаміст Фрэд Лукс разгледзіць хрысціянскія мадэлі жыцця ў часы экалагічнага крызісу, а актывістка Катарына Розенхофес закране пытанне, чаму, нягледзячы на відавочны кліматычны крызіс і наяўнасць рашэнняў, так мала робіцца для абароны планеты.

Усе гэтыя ініцыятывы сведчаць пра тое, што Вялікі пост у разуменні Касцёла – гэта не проста час адмаўлення ад нечага, але перыяд актыўнага духоўнага росту, паглыблення веры і канкрэтнай дзейнасці на карысць бліжніх і ўсяго Божага стварэння.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку