Новы каардынатар «Дапамогі Касцёлу ў патрэбе» – пра місію фонду

Ксёндз Фрыдрых Бехіна

Новы каардынатар Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» (Kirche in Not), расказаў пра падтрымку пераследаваных хрысціян, фармацыю святароў і евангелізацыю.

Ксёндз Фрыдрых Бехіна стаў новым каардынатарам Папскага міжнароднага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Яго абралі касцельныя асістэнты структуры, якія сустракаліся ў Рыме. Паводле яго, Папа Леў XIV ужо добра ведае дзейнасць Фонду: калі ён быў біскупам у Перу, то супрацоўнічаў з ім як партнёр праектаў.

Структура, заснаваная амаль 80 гадоў таму, дзейнічае больш чым у 140 краінах, супрацоўнічае з больш чым 1300 дыяцэзіямі і штогод падтрымлівае больш за 5000 праектаў. У інтэрв’ю, якое з новым каардынатарам правёў Пётр Кавальчук, Бехіна прызнаўся: «Наша галоўная мэта – служыць Касцёлу і падтрымліваць евангелізацыю”.

Фонд дапамагае будаваць касцёлы, падтрымлівае святароў, свецкіх і кансэкраваных асоб у падрыхтоўцы да абвяшчэння Божага слова, а таксама распавядае пра людзей і Касцёлы, якіх пераследуюць за веру.

Асаблівая ўвага надаецца Блізкаму Усходу, дзе былі знішчаныя многія храмы, а хрысціянскія супольнасці былі вымушаныя пакінуць свае дамы. «Дзякуючы нашым дабрадзеям мы можам падтрымліваць мясцовыя хрысціянскія супольнасці, даваць ім надзею і заахвочваць іх не пакідаць свае дамы і краіны», — прызнаўся аўстрыйскі святар. Падтрымліваючы касцельныя структуры, святароў і законнікаў, Фонд дапамагае мясцовым Касцёлам выжываць.

Бехіна таксама звярнуў увагу на вялікую колькасць святарскіх пакліканняў у Афрыцы і недахоп магчымасцей для іх належнай падрыхтоўкі. «У цяперашні час мы падтрымліваем 250 семінарыстаў і святароў, якія вучацца за мяжой, у тым ліку некаторых у Рыме», — паведаміў ён.

Фонд таксама дапамагае Касцёлам у Венесуэле, Калумбіі і іншых краінах, якія перажываюць наступствы прыродных катастроф, грамадзянскіх канфліктаў і іншых крызісаў.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку