Праз два тыдні Папа Леў XIV наведае Францыю. Ён ужо з’яўляецца там аўтарытэтам у пытаннях этычнага выкарыстання штучнага інтэлекту. Яго энцыкліка «Magnifica Humanitas» была прададзена накладам больш за 135 тысяч асобнікаў і працягвае заставацца на першым месцы бестселераў у катэгорыі рэфлексіўных эсэ. Больш за тое, як паведамляе газета «La Croix», папскі дакумент аказаў моцны ўплыў на ўспрыманне штучнага інтэлекту нават у асяроддзі па-за Касцёлам.
У Францыі «Magnifica Humanitas» даступная ў некалькіх выданнях. Выдавецтвы Cerf, Bayard і Mame вырашылі выпусціць сумеснае выданне, якое разышлося накладам 85 тысяч асобнікаў. Іншыя выдавецтвы прадалі не менш за 50 тысяч асобнікаў. «Мы вельмі задаволеныя; мы не чакалі такога поспеху», — кажа Летыцыя Жырар з выдавецтва Cerf. Яна мяркуе, што вераснёўскі візіт Папы ў Францыю забяспечыць працяглы добры продаж энцыклікі.
Газета «La Croix» падкрэслівае, што «Magnifica Humanitas» — гэта не проста выдавецкі поспех. Папу ўдалося аказаць рэальны ўплыў на дыскусію аб штучным інтэлекце, асабліва сярод саміх хрысціян. «Пасля прачытання гэтага тэксту вернік больш не можа бяздумна карыстацца штучным інтэлектам. Ён ведае, што існуе сувязь паміж яго верай і выкарыстаннем тэхналогій», — кажа айцец Ларан Стала-Бурдзільён, тэолаг з Парыжскай архідыяцэзіі.
Эцьен дэ Ракіньі, які навучае хрысціянскіх менеджараў выкарыстанню новых тэхналогій, сцвярджае, што папскі бестселер ініцыюе канкрэтныя змены. «Я размаўляў з некалькімі кампаніямі, якія пачалі распрацоўваць рэкамендацыі па выкарыстанні штучнага інтэлекту, хоць раней гэтае пытанне было табу».
Біскуп Бруна Валентайн з Каркасона і Нарбоны адзначае, што папскі дакумент аб штучным інтэлекце стварыў новую платформу для дыялогу з грамадствам. Ён прызнае, што да яго звярнуліся многія няверуючыя, выказваючы здзіўленне і ўдзячнасць за пазіцыю Касцёла па гэтым пытанні.
Біскуп Валентайн дадае, што сярод каталікоў вялікую цікавасць выклікае першая частка дакумента, у якой Пантыфік рэзюмаваў усё сацыяльнае вучэнне Касцёла. «Чытачы адкрываюць для сябе, што Касцёл мае сістэмны падыход да ўсіх сацыяльных пытанняў, а не толькі да біяэтыкі ці сексуальнай маралі». Паводле слоў біскупа, гэта сведчыць пра ўзрастаючы попыт на каталіцкае сацыяльнае вучэнне ў Францыі.
Вяртанне да веры пасля прачытання «Magnifica Humanitas»
«La Croix» таксама цытуе сведчанне 57-гадовага інжынера, які сцвярджае, што дзякуючы прачытанню «Magnifica Humanitas» ён вярнуўся да Касцёла праз 15 гадоў. Да гэтага часу яго бянтэжылі каталіцкія колы, якія ён лічыў «маралізатарскімі і замкнёнымі». Энцыкліка пра штучны інтэлект стала для яго ўзрушэннем, глыбока кранула яго і прымусіла вырашыць вярнуцца да рэлігійнай практыкі.
misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!