Фотафакт: на Філіпінах затапленне не спыніла вернікаў, якія прыйшлі на нядзельную Эўхарыстыю

Моцныя дажджы выклікалі затапленне ў горадзе Масантол у правінцыі Пампанга на Філіпінах. Нягледзячы на ​​складаныя ўмовы, айцец Крысціян Рэй Каянан адправіў святую Імшу ў капліцы Сан-Роке ў Сіціа-Іскундо. Вада, якая дасягала каленяў, не спыніла і вернікаў, якія прыйшлі на нядзельную Эўхарыстыю.

Прысутнасць святара і парафіян у затопленай капліцы стала красамоўным сведчаннем іх адданасці Эўхарыстыі. Для тых, хто прысутнічаў на супольнай малітве, неспрыяльнае надвор’е не стала перашкодай для сумеснага перажывання нядзелі.

Фотаздымкі Імшы, на якіх бачныя святар і вернікі, якія стаяць у вадзе, хутка прыцягнулі ўвагу ў інтэрнэце. Сцэна з Філіпін нагадвае нам пра тое, што для многіх католікаў удзел у Эўхарыстыі застаецца важнай часткай жыцця супольнасці, нават калі гэта патрабуе пераадолення выключных цяжкасцяў.

Паводле misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач

Фота: Iscundo Chapel/Facebook

для друку для друку