«Будзем мець багаты плён»: у мёрскай парафіі 22 кандыдаты атрымалі пячатку Духа Святога

15 жніўня ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мёрскай парафіі адбыўся адпуст з удзяленнем сакраманту канфірмацыі. Дваццаць дзве асобы, моладзь і дарослыя, прынялі сакрамант хрысціянскай сталасці, пацвярджаючы такім чынам сваё жаданне цалкам належаць Езусу Хрысту і быць Яго вернымі сведкамі ў сучасным свеце.

Цэлебрацыю святой Імшы ў гэты дзень узначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Разам з ім пры алтары маліліся пробашч парафіі кс. Андрэй Кулік, кс. Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска, кс. Іван Кароткін з Лужкоў і айцец Віктар Мялешка OFMConv з Удзела. Паслугу ў канфесіянале аказвалі кс. Віктар Сініцкі SCJ з Шаркаўшчыны і кс. Вячаслаў Адамовіч з Ідолты.

У прывітальным слове біскуп Алег падкрэсліў, што «святкуючы разам з усім Каталіцкім Касцёлам вялікую падзею для кожнага чалавека — прыняцце да нябеснай хвалы Найсвяцейшай Панны Марыі, варта ўглядацца ў Яе вобраз, бо той шлях, які прайшла Багародзіца за сваё жыццё, павінен стаць шляхам кожнага з нас».

«Няхай сённяшняя ўрачыстасць абудзіць у нас прагненне дасягнуць удзелу ў Нябесным Валадарстве, а супольная малітва праслаўлення Бога адновіць нашую веру і адкрые нашыя сэрцы на дзеянне Духа Святога. Просім Бога, каб умацаваў тых, хто сёння прыме сакрамант канфірмацыі, на далейшай дарозе да больш глыбокага пазнання Езуса Хрыста, каб як сапраўдныя хрысціяне яны маглі бараніць сваю веру, а перад усім жыць паводле гэтай веры”, — заклікаў да малітвы прысутных вернікаў іерарх.

У сваёй гаміліі, разважаючы над жыццём Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Алег адзначыў, што Яна заўсёды была адкрыта на дзеянне Духа Святога, дзякуючы чаму выканала выключную ролю ў гісторыі збаўлення. Прамоўца падкрэсліў, што сакрамант канфірмацыі, які сёння прымуць кандыдаты, стане для іх знакам духоўнай сталасці, праз які яны атрымаюць паўнату дароў Духа Святога.

«Збіраючыся сёння каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю, углядаючыся ў Яе прыклад даверу Духу Святому, маем надзею, што адкрыўшы свае сэрцы на Яго дзеянне, таксама будзем мець багаты плён», — завяршыў гамілію пастыр.

Калі надышоў хвалюючы момант удзялення канфірмацыі, кандыдаты разам з усімі прысутнымі вызналі сваю веру, адракліся ад граху і прасілі, каб Дух Святы ўмацаваў іх у мужным вызнанні веры і жыцця паводле яе праўдаў. А потым, праз знак крыжа хрызмам на ілбе, яны атрымалі пячатку дароў Духа Святога.

Паводле традыцыі кандыдаты абралі сабе другое імя святога заступніка. Сёлета Касцёл асаблівым чынам ушаноўвае святога Францішка Асізскага, таму менавіта ён стаў найбольш папулярным апекуном сярод хлопцаў.

На заканчэнне Імшы моладзь выказала шчырыя словы ўдзячнасці і ўручыла кветкі біскупу Алегу за ўдзелены сакрамант бежмавання, а таксама пробашчу парафіі ксяндзу Андрэю за духоўную падрыхтоўку да сакраманту хрысціянскай сталасці.

Пасля Літургіі, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам, усе разам памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, якая стала не проста прыгожым і ўрачыстым момантам, але, найперш, выразам веры і важкім спосабам праслаўлення Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі.

Існуе прыгожы старадаўні звычай асвячэння ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі плёнаў зямлі, таму ў гэты дзень многія парафіяне прынеслі ў святыню кошыкі з гароднінай і букеты кветак і розных зёлак, ад якіх па касцёле разносіўся гаркавата-свежы водар палёў і лугоў. Пасля Эўхарыстыі віцебскі ардынарый асвяціў гэтыя плёны сёлетняга ўраджаю.

Радасць ад урачыстасці ў гэты дзень дапоўнілася магчымасцю пазнаёміцца з дзейнасцю Дому Марыі, які створаны айцамі францішканамі ў Удзеле (Глыбоцкі дэканат). Айцец Віктар Мялешка OFMConv расказаў пра праекты, якія рэалізуюцца ў Сялібе Беззаганай і запрасіў да ўдзелу ў спатканях і рэкалекцыях. Ахвотныя змаглі скласці ахвяраванні на завяршэнне будаўнічых работ у Сялібе.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку