У аўторак тыя, хто праязджаў па дарозе Паставы—Юнькі, напэўна, звярнулі ўвагу на аўтавышку каля касцёла і людзей, якія тут працавалі. Дзеля апрабавання к вечару па наваколлі разліўся меладычны гук званоў.
— Дзякуючы таму, што частку сумы, неабходнай на набыццё электронных званоў, выдзеліў райвыканкам, а частку ахвяравалі некалькі парафіян, удалося ў кароткі тэрмін вырашыць пытанне з іх дастаўкай і мантажом, — расказвае пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз-канонік Павел Самсонаў.
— Устанаўлівала мінская фірма. Але загучаць званы на касцёле пасля таго, як збяром поўную суму — больш за 7 тысяч рублёў. Кожны, хто жадае ўнесці ў гэта свой уклад, можа скласці ахвяру.
Электронныя званы, у праграме якіх закладзена шмат мелодый, — гэта не музычны інструмент, а голас Бога. Як і ва ўсіх храмах свету, адна мелодыя за паўгадзіны да пачатку святой Імшы будзе запрашаць вернікаў да ўдзелу ў ёй, другая ў 12.00 — заахвочваць да малітвы «Анёл Панскі». У 15.00 — у гадзіну Божай Міласэрнасці — будзе гучаць мелодыя суплікацыі «Святы Божа». Спецыяльная мелодыя будзе ўключацца для працэсіі вакол касцёла падчас урачыстасцей і ў першую нядзелю месяца.
Анна Анішкевіч
Фота: кс. Павел Самсонаў
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
