2020 год. Ганконгскі прафесар Тоні Вонг прыбывае ў Марбург, каб прачытаць лекцыю па нейрабіялогіі. Калектыў універсітэта ладзіць урачысты абед у гонар госця, лекцыя збірае поўную аўдыторыю студэнтаў і візіт праходзіць на найвышэйшым узроўні. Аднак тут здараецца нечаканае: пачынаецца пандэмія. Выкладчыкі і студэнты адпраўляюцца на самаізаляцыю, вярнуцца ў Ганконг не ўяўляецца магчымым, і прафесар вымушаны пасяліцца ў апусцелым кампусе. Калі яго прабыванне там зацягваецца, ён вырашае паэксперыментаваць і правесці нейрабіялагічныя даследаванні ў адносінах да старога разложыстага дрэва, што расце ва ўніверсітэцкім парку.
1908 год. У Марбургскі ўніверсітэт пачынаюць прымаць жанчын, але гэта зусім не падабаецца камісіі пажылых прафесараў. На ўступным экзамене яны ўсяляк спрабуюць збянтэжыць і прынізіць канкурсантак, задаючы няёмкія пытанні біялагічнага характару. Экзамен вытрымлівае толькі адна дзяўчына – Грэта. Цяпер яна нароўні з мужчынамі – студэнтка біялагічнага факультэта. Аднак паступленне ва ўніверсітэт – гэта толькі першае выпрабаванне маладой жанчыны ў барацьбе за свае смелыя мары.
1972 год. У той жа ўніверсітэт, але на літаратурны факультэт паступае хлопец Ханэс. З першых жа крокаў ён закохваецца ў дзяўчыну з біялагічнага, якая спрабуе выявіць нешта падобнае да эмоцый і пачуццяў у раслін. Адпраўляючыся ў вандроўку, дзяўчына даручае Ханэсу догляд яе паддоследнай герані. Чужы для хлопца кірунак неўзабаве становіцца яму сваім і пачынае цікавіць ці не больш, чым сама дзяўчына.
Новы фільм венгерскай рэжысёркі Ільдзікі Эньедзі – “Маўклівы сябар” – гэта паэтычны, няспешны аповяд пра бар’еры, што нас раздзяляюць, і пра пошукі спосабаў іх пераадолець. Тры гісторыі, якія адбываюцца ў розныя эпохі, яднае спроба зразумець і пранікнуць у свет раслін – ад наватарскіх для свайго часу лінэеўскіх падыходаў да нейрабіялагічных даследаванняў сучаснасці. Героі фільма, кожны ў сваім часе і сваіх абставінах, шукаюць, як перайсці мяжу гэтага адчужэння, зразумець, што адчувае і пра што думае дрэва. У нейкім сэнсе гэтыя пошукі становяцца метафарай пошуку кантакту між людзьмі.
Падчас сваіх даследаванняў героі фільма сутыкаюцца з рознымі дробнымі непаразуменнямі: з розніцай нацыянальнасцяў і культур, полавай дыскрымінацыяй, з неразуменнем пачуццяў адно аднаго. Ганконгскі прафесар застаецца сам-насам з ахоўнікам кампуса, і той падазрае ў дзіўнаватых эксперыментах прафесара зачаткі вар’яцтва. Студэнтка Грэта не раз становіцца ахвярай стэрэатыпаў патрыярхальнага грамадства і церпіць ад несправядлівага суджэння пра сябе, а Ханэс хутчэй знаходзіць агульную мову з геранню, чым з каханай дзяўчынай.
І за ўсімі гэтымі падзеямі пільна назіраюць расліны, маўклівыя сябры чалавецтва. Сярод іх асабліва вылучаецца велічнае дрэва віду “гінкга білоба”, якое здавён-даўна расце ў парку Марбургскага ўніверсітэта. Каб паказаць яго і іншыя расліны як самастойных персанажаў, як цэлы асобны, малазразумелы свет, Эньедзі прыбягае да багатага спектру аператарскіх прыёмаў. Яна часта бярэ ракурсы з глыбіні кроны, імітуючы позірк дрэва, факусуецца на сцяблінах і лісцях, пакуль у размыцці адбываюцца падзеі чалавечага жыцця, прыбягае да макраздымкаў, зазірае ўнутр ствала і ў карнявішча. І часам нават робіць спробу візуалізаваць фізічныя і хімічныя працэсы ўнутры расліны на мікраскапічным узроўні.
Свет раслін адасабляе і праца з гукам. Пачынаючы ад фокусу на шапаценні лісця і рыпенні ствала, аўтарка паглыбляецца ўсё далей ва ўнутраны свет дрэва, надае гукам навакольнага свету прыглушаны, расфакусаваны эфект, нібы з нутра ствала, і нават спрабуе гукамі перадаць жыццёвыя працэсы расліны: яе рост і сілкаванне, яе імпульсы, яе дыханне.
Звычайна, калі ў мастацкіх творах жывёлы або расліны выводзяцца на першы план як персанажы, гэта робіцца дзеля таго, каб праз іх нешта патлумачыць у паводзінах людзей, быць метафарай людской гісторыі. Аднак такі антрапамарфізм не ўласцівы фільму Эньедзі. Расліны тут не адлюстроўваюць чалавечых зносін і канфліктаў. Побач з намі яны жывуць сваё малазразумелае, ні да чаго не падобнае жыццё. Яны не радуюцца і не сумуюць у чалавечым сэнсе, а перажываюць нешта сваё, уласцівае толькі ім. І каб лішні раз падкрэсліць гэтую самабытнасць, рэжысёрка выносіць у цітры 118 відаў раслін, якія нароўні з акцёрамі-людзьмі зняліся ў гэтым фільме.
І ўсё ж, нягледзячы на радыкальныя адрозненні між відамі і часам не менш радыкальную адчужанасць людзей, яднанне магчымае. Яно ў гармоніі суіснавання, якое асабліва прыгожа раскрываецца, калі цені дрэў уваходзяць у чалавечае жыллё, ціха мігцяць на сценах і пяшчотна кладуцца на фігуры людзей. Яшчэ яно ў спробе зразумець і прыняць адно аднаго. Калі аднойчы ноччу на ўніверсітэт абрушваецца залева, прафесар фіксуе яркія нейраімпульсы, каторыя пасылае дрэва. І ён вырашае выйсці голым пад дождж і пастаяць, раскінуўшы рукі, каб лепш зразумець гэтую радасць быцця. А ахоўнік кампуса, які ўсю дарогу толькі шкодзіў прафесару, урэшце сам зацікаўліваецца яго дзівацкімі даследаваннямі – пераходзіць сваю мяжу неразумення. Гэты пераход мяжы і становіцца галоўнай тэмай “Маўклівага сябра”.
1832 год. Пры тэмпературы +22°C і вільготнасці 55% з шарападобнага семечка прабіваецца расток дрэва, якое належыць да віду “гінкга білоба”. Яно расце ў парку Марбургскага ўніверсітэта цягам амаль дзвюх соцень гадоў. Увесь гэты час яно пільна назірае за гісторыямі Грэты, Ханэса, прафесара Вонга і за сотнямі іншых гісторый, якія яднаюць нас у адно вялікае цэлае.
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!