Пеле: Нараджэнне легенды

Шмат людзей хаця б раз у жыцці чула пра знакамітага бразільскага футбаліста Пеле. Але мала хто ведае, напрыклад, што яго сапраўднае імя Эдсан Арантыс ду Насіменту.

Ён нарадзіўся ў горадзе Трэс-Корасойнс у 1940 годзе, а ўжо ў 1957-ым першы раз выйшаў на поле ў складзе нацыянальнай зборнай Бразіліі.

Сёння Пеле называюць “Каралём футбола”, бо ён адзіны за ўсю гісторыю гульні тройчы станавіўся чэмпіёнам свету і забіў больш за 1280 галоў. Пра біяграфію футбаліста выйшла больш за дзесяць дакументальных і мастацкіх кінастужак. Апошняя з іх – “Пеле: нараджэнне легенды” (Pelé: Birth of a Legend, 2016) пабачыла свет у 2016 годзе.

Сцэнарыстамі і рэжысёрамі фільма з’яўляюцца браты Джэф і Майкл Цымбаліст – амерыканскія кінематаграфісты, якія здымаюць спартыўныя драмы і дакументальныя праекты. У фільме распавядаецца пра жыццё футбаліста ад дзяцінства да першага тытулу чэмпіёна ў 1958 годзе.

Як нараджаецца легенда? Ці просты быў шлях ад хлопчыка Эдсана да знакамітага Пеле? Пра гэта можна даведацца падчас прагляду.

Эдсан нарадзіўся ў простай бразільскай сям’і. Бацька працаваў санітарам у шпіталі, а маці – пакаёўкай. Дарэчы, бацька таксама прафесійна гуляў у футбол, пакуль не атрымаў траўму і не быў “выкінуты на сметніцу спорту”. Маці Селеста моцна перажывала трагедыю мужа і катэгарычна забараняла сыну нават думаць пра футбол.

Але ці можна забіць талент? Бацька дапамагаў Эдсану займацца, ужываючы падчас трэніровак … мангавае дрэва. А маці спачатку рабіла выгляд, што не заўважае трэніровак, а потым сама запрасіла трэнера з клубу “Сантас”.

На 15-цігадовага юнака ўсклалі вялікую адказнасць. Хлопец, які за ўсё жыццё ні разу не пакідаў бацькоўскі дом, павінен быў шмат трэніравацца, каб трапіць у каманду. Але гэта быў толькі першы крок. Аказалася, што цемнаскуры Эдсан не можа засвоіць тэхніку класічнай гульні і адысці ад непаўторнага вулічнага стылю.

Настае момант складанага выбару: прыстасавацца і быць, як усе, ці застацца сабой і захаваць непаўторнасць, праз якую і рэалізуецца талент? Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, але, здаецца, калі б малады Эдсан не зрабіў калісьці гэтага выбару, то сёння ніхто б не ведаў пра Пеле.

А чаму ўсё ж такі “Пеле” і пры чым тут “Пеле”? Што за стыль “Джынга”? Праз якія выпрабаванні прайшоў малады футбаліст? – Адказы знойдзеце ў кінастужцы. Дарэчы, уважлівы глядач убачыць у адным з эпізодаў сапраўднага Караля футбола.

А яшчэ фільм ставіць перад намі важныя пытанні: як застацца чалавекам, калі іншыя паводзяць сябе як драпежныя звяры? Ці важна верыць у мару і ці проста ісці да яе ажыццяўлення? Якая роля тых, хто побач і гатовы падтрымаць у любы момант?

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку