Японскае грамадства прымае рэлігію, пакуль яна застаецца прыватнай справай, аднак голас Каталіцкага Касцёла ў абарону жыцця ці мігрантаў часта ўспрымаецца як парушэнне грамадскай гармоніі.
Сучасная Японія сутыкаецца са своеасаблівай з’явай, якую арцыбіскуп Токіо і старшыня “Caritas Internationalis” кардынал Тарчызіа Ісаа Кікучы называе “ветлівым пераследам”.
Гаворка ідзе не пра фізічныя рэпрэсіі, а пра тонкі культурны ціск, які дэ-факта абмяжоўвае свабоду веравызнання, выцясняючы рэлігійныя перакананні на далёкую перыферыю грамадскага жыцця.
Феномен “ветлівага пераследу” заключаецца ў мяккім, але няўхільным выключэнні веры з публічнай прасторы.
У інтэрв’ю парталу “Crux Now” іерарх адзначыў, што карані праблемы сягаюць у спецыфіку японскай манеры інтэрпрэтацыі Канстытуцыі. Пасляваенны Асноўны закон краіны гарантуе аддзяленне рэлігіі ад дзяржавы, што стала рэакцыяй на мілітарысцкі дзяржаўны шынтаізм.
Аднак сёння гэты прынцып усё часцей трактуецца экстрэмальна – як патрабаванне поўнай адсутнасці рэлігійных суб’ектаў у грамадскай дыскусіі.
Японская культура высока цэніць канфармізм і грамадскую зладжанасць. Калі каталіцкая супольнасць пачынае адкрыта выступаць па такіх вострых пытаннях, як ліквідацыя ядзернай зброі, правы мігрантаў ці абарона чалавечай годнасці, гэта часта выклікае раздражненне.
Касцёл папракаюць у тым, што ён “умешваецца ў палітыку”, парушаючы традыцыйную гармонію. Па словах кардынала Кікучы, рэлігія ў Японіі застаецца грамадска прымальнай толькі да таго часу, пакуль яна не выходзіць за сцены храмаў.
“Рэлігійная індыферэнтнасць становіцца галоўнай перашкодай для хрысціянскага сведчання ў свецкім грамадстве.”
Дадатковым выклікам з’яўляецца глыбокая секулярызацыя. Нядзеля ў краіне не лічыцца днём адпачынку: навучальныя ўстановы і прадпрыемствы часта прызначаюць на гэты час мерапрыемствы, што стварае практычныя цяжкасці для вернікаў.
Каталіцкая меншасць аказваецца ў сітуацыі, дзе яе маральны аўтарытэт ігнаруецца, а рэлігійныя практыкі ўспрымаюцца выключна як частка культурнай традыцыі, пазбаўленая глыбокага сэнсу.
Нягледзячы на цяжкасці, іерарх бачыць вялікі патэнцыял у маладым, шматкультурным пакаленні японскіх католікаў. Ён перакананы, што мясцовы Касцёл можа стаць важным мостам паміж Азіяй і астатнім светам.
Пры гэтым кардынал Кікучы настойвае на захаванні выразнай каталіцкай ідэнтычнасці ў гуманітарнай дзейнасці “Caritas”, падкрэсліваючы, што дапамога бліжняму павінна заўсёды грунтавацца на хрысціянскім разуменні святасці жыцця, нават калі грамадства аддае перавагу таму, каб голас веры заставаўся маўклівым.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
