Аплаткавая сустрэча для навучэнцаў тэалагічнага каледжа прайшла ў Гродне

10 студзеня ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча для навучэнцаў Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра.

Сустрэча, на якой сабраліся навучэнцы і выкладчыкі гэтай навучальнай установы, пачалася Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У гаміліі біскуп назваў навучэнцаў тэалагічнага каледжа тымі, хто “ў сваёй штодзённасці, у сем’ях, супольнасцях, у працы і ў грамадстве нясе адказнасць за аблічча Касцёла”, а гэтую сустрэчу – глыбока сімвалічнай, бо яна “паказвае, што Касцёл будуецца не толькі на структурах і планах, але і на Божым слове, на Яго жывой прысутнасці і на людзях, якія дазваляюць Богу фармаваць сваё сэрца, розум і сумленне”.

“Гэта момант праўды для нашай дыяцэзіі, калі мы разам задаём сабе фундаментальнае пытанне: якім павінен быць Касцёл сёння і кім у гэтым Касцёле пакліканы быць кожны з нас – асабліва свецкія вернікі?” – сказаў біскуп.

Ён звярнуў увагу на тое, што “калі ў сэрцы святара, кансэкраванай асобы ці свецкага верніка няма жывога досведу: “Бог мяне любіць, і я жыву з Яго любові”, то “ўсё становіцца цяжарам: служэнне, адказнасць, фармацыя, нават сама вера”. “Тады Касцёл становіцца або проста ўстановай, або сістэмай правіл, або культурнай традыцыяй. Але калі гэты досвед жывы – тады Касцёл застаецца таямніцай жывых людзей, сабраных вакол Жывога Хрыста. Тады нават ахвяра перастае быць стратай і становіцца дарам”, – патлумачыў іерарх. Таму, па яго словах, вучоба ў тэалагічным каледжы павінна весці “не толькі да большага ведання, але і да больш глыбокай здольнасці любіць – Бога і чалавека”.

Біскуп сказаў навучэнцам і выкладчыкам каледжа, што без любові тэалогія, якую яны вывучаюць або выкладаюць, робіцца ідэалогіяй, веды – пыхай, служэнне – кар’ерай, а “калі ў цэнтры досвед Божай любові – то навука становіцца служэннем, веданне – мудрасцю, фармацыя – перамяненнем сэрца”.

Па словах біскупа, “свет часта не змагаецца з верай адкрыта: ён часта добразычлівы, зручны, камфортны, але менавіта таму небяспечны, бо вучыць жыць так, быццам Бог неабавязковы, – а калі так, то і вера неістотная, другасная, непатрэбная”. “Заўважце, свет прапануе: шмат актыўнасці без унутранай глыбіні, шмат інфармацыі без мудрасці, шмат свабоды без адказнасці, шмат слоў без праўды, шмат магчымасцяў без сэнсу”, – дадаў іерарх.

Ён нагадаў навучэнцам каледжа, што яны вучацца “дзеля таго, каб быць сведкамі Праўды ў свеце, які часта губляе арыенціры”. “Таму Касцёл мае патрэбу не проста ў людзях, якія нешта робяць, а ў людзях, якія ведаюць, навошта жывуць і каму належаць, – адзначыў біскуп. – І тут асаблівая місія свецкіх вернікаў: быць прысутнасцю Бога ўнутры самага сэрца свету: у сем’ях, школах, шпіталях, офісах, у культуры і грамадскай свядомасці. Там, дзе святар не можа быць кожны дзень, вы пакліканыя быць “ціхім Евангеллем”.

Іерарх заўважыў, што “Бог не чакае ідэальных умоў, Бог дзейнічае сёння, у канкрэтных людзях, канкрэтных абставінах, канкрэтным Касцёле”. “З Богам заўсёды – сёння, – дадаў ён. – І гэта “сёння” гучыць таксама для нашай дыяцэзіі, для тэалагічнага каледжа, для кожнага з вас: не заўтра, не калі-небудзь, а сёння Касцёл патрэбны свету і свет патрэбны Касцёлу”.

Біскуп назваў гродзенскі тэалагічны каледж “сапраўднай школай сінадальнасці”, бо “тут сустракаюцца святары і свецкія асобы, досвед і пошук, традыцыя і пытанні сучаснасці”. Таксама ён адзначыў, што навучэнцы каледжа, асабліва свецкія, не з’яўляюцца нейкім “запасным варыянтам”, “дапаможным персаналам” ці “другараднай часткай” Касцёла. “Вы і ёсць Касцёл. У вашых сем’ях, прафесіях, вашых працоўных калектывах і асяроддзях. Там, куды святар часта не мае доступу, вы першыя і часам адзіныя сведкі Евангелля”, – падкрэсліў іерарх.

Гэтую аплаткавую сустрэчу ён назваў “катэхезай без слоў”, “жэстам Касцёла, які хоча быць сям’ёй”. Біскуп пажадаў гродзенскаму тэалагічнаму каледжу быць “прасторай слухання Духа Святога, школай сталай веры, месцам, дзе Касцёл вучыцца ісці разам, жывым сэрцам евангелізацыі дыяцэзіі”.

Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай, выказаўшы адзін аднаму віншаванні.

Grodnensis.by

для друку для друку