Фігура Маці Божай Фацімскай наведае пяць краін на трох кантынентах

Фігура Маці Божай Фацімскай будзе ў паломніцтве ў пяці краінах у 2026 годзе. Яны размешчаны на трох кантынентах: Еўропе, Азіі і Паўднёвай Амерыцы, паведамляюць прадстаўнікі партугальскага санктуарыя.

Сярод ужо пацверджаных пілігрымак выявы Марыі — парафіі, размешчаныя ў цэнтральна-заходняй Партугаліі: Пенішэ і Калдас-да-Раінья. У гэтым годзе фігура Маці Божай Фацімскай таксама наведае некалькі парафій у Іспаніі, у тым ліку рэгіёны Мадрыда і Таледа, а таксама адбудзецца паломніцтва ў Італію.

Чацвёртай краінай перыгрынацыі выявы Марыі стане Паўднёвая Карэя, дзе ў 2027 годзе запланавана правядзенне Сусветных дзён моладзі. Сярод наведаных месцаў будуць, сярод іншага, наступныя: парафіі ў раёне Вялікага Сеула, сталіцы гэтай азіяцкай краіны, дзе перыгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай запланавана на красавік, май і чэрвень.

Апошняй краінай, пацверджанай у гэтым годзе для перыгрынацыі, будзе Бразілія. Месцам наведвання стане сталічная вобласць Рыа-дэ-Жанейра, на паўднёвым усходзе краіны.

Рэктарат фацімскага санктуарыя абвясціў, што ў 2026 годзе паломніцтвы, верагодна, адбудуцца і ў іншых краінах. Аднак афіцыйнага пацвярджэння пакуль не было.

Падарожжы фацімскай фігуры служаць, сярод іншага, пашырэнню паслання аб’яўленняў 1917 года, дадзеных Марыяй тром партугальскім дзецям, аб неабходнасці навяртання, пакаяння і малітвы чалавецтва.

Дзякуючы паломніцтвам фігуры, якія працягваюцца з 1940-х гадоў, расце колькасць каталіцкіх касцёльных адзінак, прысвечаных Маці Божай Фацімскай. Цяпер яна з’яўляецца апякункай больш за 1100 парафій, 17 дыяцэзій і 75 каталіцкіх місій па ўсім свеце.

stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку