У Ватыкане прайшла прэзентацыя канферэнцыі да 10-годдзя «Laudato si'». Форум «Уздымаючы надзею на кліматычную справядлівасць» збярэ ў Кастэль Гандольфа каля тысячы ўдзельнікаў.
У Зале Друку Святога Пасада адбылася прэзентацыя міжнароднай канферэнцыі “Raising Hope for Climate Justice” (Уздымаючы надзею на кліматычную справядлівасць). Форум, арганізаваны Рухам «Laudato si’», прымеркаваны да дзясятай гадавіны выхаду аднайменнай энцыклікі.
У прэс-канферэнцыі, між іншым, прынялі ўдзел сястра Алесандра Смерылі, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, і Лорна Голд, выканаўчы дырэктар Руху «Laudato si’».
Экалогія і справядлівасць – непадзельныя
Сястра Смерылі падкрэсліла, што энцыкліка Папы Францішка стала сапраўднай “навігацыйнай картай для нашай эпохі”. Яна натхніла глабальны рух, які працягвае расці і ствараць новыя ініцыятывы па клопаце пра стварэнне.
Прамоўца нагадала, што Святы Пасад праз Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека падтрымлівае працэсы экалагічнага навяртання ў дыяцэзіях, парафіях, школах і ўніверсітэтах. Сярод канкрэтных праектаў – «Платформа дзеянняў Laudato Si'» і нядаўна адкрыты Папам Львом XIV экалагічны цэнтр “Мястэчка Laudato Si’” (Borgo Laudato Si’) у Кастэль-Гандольфа, дзе пройдзе частка канферэнцыі.
Лорна Голд паведаміла, што форум пачнецца 1 кастрычніка 2025 года. На цырымоніі адкрыцця з удзелам Папы Льва XIV чакаецца каля тысячы чалавек, а на працоўных сесіях – 500 дэлегатаў. Мерапрыемства стане пляцоўкай для дыялогу паміж прадстаўнікамі Касцёла, навукі, палітыкі і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку з удзелам міністра навакольнага асяроддзя Бразіліі Марыны Сілвы.
Спадчына Папы Францішка жыве і натхняе
Кіраўнік Руху «Laudato si’» заявіла, што справа, распачатая Папам Францішкам, працягваецца. Паводле яе слоў, Леў XIV прадэманстраваў сваю прыхільнасць гэтай місіі, а для самога руху стала “святым абавязкам заставацца жывой спадчынай” яго папярэдніка.
Лорна Голд адзначыла, што канферэнцыя праходзіць за месяц да кліматычнага саміту COP30, і выказала расчараванне недастатковым прагрэсам у рэалізацыі ўрадамі адмовы ад выкапнёвага паліва.
Мэта форуму – не проста чакаць дзеянняў ад палітыкаў, але і актывізаваць намаганні няўрадавых арганізацый. Па выніках канферэнцыі будзе абвешчана абавязацельства “Laudato Si’ 10”, якое будзе прадстаўлена на COP30.
Дзеянне з радасцю і надзеяй
Прэзентацыя завяршылася заклікам да надзеі. Сястра Смерылі нагадала, што экалагічны крызіс – гэта заклік да глыбокага ўнутранага навяртання. Юбілей энцыклікі разглядаецца не як фінішная прамая, а як новы пачатак у сумеснай працы дзеля будучыні планеты, працы, якая павінна весціся з радасцю і надзеяй.
Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
