Леў XIV заклікае духавенства стаць «рыбаловамі сем’яў»

Святы Айцец накіраваў пасланне ўдзельнікам семінара, арганізаванага Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Папа заклікае дапамагчы сучасным сем’ям сустрэць Хрыста і стаць інструментамі евангелізацыі.

Папа Леў XIV накіраваў пасланне ўдзельнікам семінара «Евангелізаваць разам з сем’ямі сёння і заўтра. Эклезіялагічныя і душпастырскія выклікі», які арганізавала Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця 2-3 чэрвеня 2025 года. Семінар праводзіцца адразу пасля святкавання Юбілею Сем’яў.

Сем’і – жывыя члены містычнага Цела Хрыста

Тэма семінара, адзначае Папа, «выражае мацярынскі клопат Касцёла пра хрысціянскія сем’і, прысутныя ва ўсім свеце: жывыя члены містычнага Цела Хрыста і першае эклезіяльнае ядро, якому Пан даручае перадачу веры і Евангелля, асабліва новым пакаленням».

Святы Айцец нагадвае, што «глыбокае пытанне бясконцасці, запісанае ў сэрцы кожнага чалавека, дае бацькам і маці задачу зрабіць сваіх дзяцей свядомымі Айцоўства Бога», цытуючы пры гэтым словы святога Аўгусціна: «Як у Табе мы маем крыніцу жыцця, так у тваім святле мы ўбачым святло».

Знайсці тых, хто далёка

Леў XIV падкрэслівае, што наш час характарызуецца ўзрастаючым пошукам духоўнасці, асабліва сярод моладзі, якая прагне сапраўдных адносін і настаўнікаў жыцця. Таму важна, каб хрысціянская супольнасць глядзела далёка, становячыся перад выклікамі свету захавальніцай імкнення да веры, якое ёсць у сэрцы кожнага.

«І асабліва тэрмінова, у гэтым намаганні, звярнуць асаблівую ўвагу на тыя сем’і, якія па розных прычынах духоўна далёка: на тыя, што не адчуваюць сябе ўцягнутымі, якія кажуць, што не зацікаўлены, або якія адчуваюць сябе выключанымі з агульных шляхоў, але тым не менш хацелі б быць нейкім чынам часткай супольнасці, у якой яны могуць расці і з якой яны могуць ісці», — піша Папа.

Ад маралістаў да Касцёла як месца ласкі, братэрства і любові

Пантыфік з занепакоенасцю адзначае, што «ўсё больш распаўсюджаная «прыватызацыя» веры часта перашкаджае гэтым братам і сёстрам пазнаць багацце і дары Касцёла, месца ласкі, братэрства і любові». У выніку многія, шукаючы апоры ў жыцці, «заканчваюць тым, што давяраюцца фальшывым апорам, якія, не вытрымліваючы цяжару іх самых глыбокіх запытаў, дазваляюць ім зноў саслізнуць уніз, аддаляючы іх ад Бога і робячы іх тымі, хто пацярпеў караблекрушэнне ў моры мірскіх хваляванняў».

«Колькі разоў, магчыма, у не вельмі далёкім мінулым, мы забываліся пра гэтую праўду і прадстаўлялі хрысціянскае жыццё пераважна як набор правіл, якія трэба выконваць, замяняючы цудоўны досвед сустрэчы з Езусам, Богам, Які аддае Сябе нам, маралістычнай, цяжкай, малапрывабнай і, у пэўным сэнсе, недасягальнай у канкрэтнасці паўсядзённага жыцця рэлігіяй», — піша Леў XIV.

«Рыбаловы сем’яў»

Святы Айцец падкрэслівае, што ў гэтым кантэксце перш за ўсё біскупы, наступнікі апосталаў і пастыры Хрыстовага статка, павінны закінуць сетку ў мора і стаць «рыбаловамі сем’яў». Але і свецкія вернікі пакліканы ўдзельнічаць у гэтай місіі, становячыся разам са святарамі «рыбаловамі» пар, моладзі, дзяцей, жанчын і мужчын рознага ўзросту і стану, каб усе маглі сустрэць Таго, Хто адзін можа збавіць.

«Не дазваляйце сабе адчайвацца з прычыны цяжкіх сітуацый, з якімі вы сутыкняцеся. Праўда, сёння сямейныя адзінкі паранены многімі спосабамі, але «Евангелле сям’і корміць таксама тыя насенні, якія яшчэ чакаюць, каб даспець, і павінна клапаціцца пра тыя дрэвы, якія высахлі і маюць патрэбу, каб іх не занядбалі», — цытуе Папа апостальскую адгартацыю «Amoris laetitia».

Заклік да дзеяння

Леў XIV заахвочвае ўдзельнікаў семінара далучыцца да намаганняў, «з якімі ўвесь Касцёл шукае тыя сем’і, якія самі больш не набліжаюцца; каб зразумець, як ісці разам з імі і як дапамагчы ім сустрэць веру, становячыся ў сваю чаргу «рыбаловамі» іншых сем’яў».

Завяршаючы сваё пасланне, Святы Айцец дзякуе ўдзельнікам семінара за іх працу і просіць, каб Дух Святы накіроўваў іх у «распазнанні крытэрыяў і спосабаў эклезіяльнага абавязацельства, здольных падтрымліваць і спрыяць сямейнаму душпастырству».

«Дапаможам сем’ям з адвагай слухаць прапанову Хрыста і заклікі Касцёла!» — звяртаецца Папа, нагадваючы пра сваю малітву і ўдзяляючы апостальскае благаслаўленне.

Кс.Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку