Разважанне на Папяльцовую сераду

Евангелле Мц 6, 1–6. 16–18

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.

Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.

Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

У сённяшнім Евангеллі Езус асуджае крывадушнікаў, якія даюць міласціну, каб прыцягнуць да сябе ўвагу і атрымаць пахвалу ад людзей. Ён кажа: «Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду» (Мц 6, 2). Пастава крывадушнікаў не мае духоўнай каштоўнасці, бо мэта ўсіх іх дзеяў накіраваная на здабыццё славы і пахвалы ад людзей. Розныя матывацыі кіруюць людзьмі і ў наш час, што даюць міласціну. Часам гэта робіцца з пачуцця доўгу або дзеля прэстыжу, аднак сапраўдная міласціна павінна зыходзіць з сэрца, перапоўненага любоўю і міласэрнасцю. Езус заклікае нас рабіць добрыя справы не на паказ, а патаемна, пакорліва і без зухвальства, бо толькі такая міласціна будзе ўзнагароджана Богам (пар. Мц 6, 3-4).

Езус асуджае крывадушнікаў, якія любяць маліцца на вуліцах і ў сінагогах, каб паказацца перад людзьмі. Ён кажа: «Калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду» (Мц 6, 5). Малітва павінна быць адкрытай і простай размовай з Богам, а не спосабам самаўзвышэння перад іншымі. Малітва не можа быць бяздумнаю і павярхоўнаю. Малітва павінна быць з глыбокім разуменнем і асэнсаваннем таго, што мы прамаўляем. Фармальны ж характар малітвы можа прывесці да таго, што малітва становіцца забабонным закляццем без лучнасці з Богам. Малітва павінна быць сапраўдным актам пакорлівасці і шчырай размовы з Богам, павінна зыходзіць з сэрцаў.

Езус заклікае нас маліцца ў таемнасці, у сваім пакоі, дзе нас ніхто не бачыць, каб паказаць сутнасць малітвы, як асабовай і інтымнай лучнасці з Богам (пар. Мц 6, 6). Малітва ў першую чаргу павінна быць інтымным актам, скіраваным да Бога, мы павінны імкнуцца знаходзіць час і месца для малітвы, дзе мы можам быць самімі сабой перад Богам і адкрываць свае сэрцы без страху, не гледзячы на меркаванні і суджэнні іншых.

Давайце паглядзім на тое, як не трэба маліцца. Важна, каб не паддавацца фармалізму ў малітве, які часта прысутнічаў у габрэяў. Малітва можа стаць бяздушнай і пустой, калі яе вымаўляюць без унутранага сэнсу і адчування, калі мы вымаўляем словы аўтаматычна, без удзелу сэрца і думак. Фармальны характар малітвы, шматслоўе і паўтарэнне могуць прывесці да таго, што малітва ператвараецца ў некую магічную формулу. Малітва павінна быць сапраўдным актам пакорлівасці і глыбокай ды даверлівай размовы з Богам.

Акрамя таго, Езус асуджае тых, хто моліцца “перад людзьмі, каб яны бачылі”. Фарысеі часта выкарыстоўвалі пэўныя гадзіны малітвы і месцы, каб дэманстраваць сваю ўяўную набожнасць. Езус заклікае нас, каб наша малітва была размовай з Богам, каб перад ім мы расчынялі свае сэрцы, не баяліся паказаць сябе сапраўдных, а не спосабам, “каб паказацца перад людзьмі”.

Езус асуджае крывадушнікаў, якія посцяць на паказ, каб людзі бачылі. Ён кажа: «Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду» (Мц 6, 16). Габрэі кіраваліся разбудаванымі традыцыямі адносна пасту, які быў звязаны з рознымі падзеямі. Пасцілі шмат, але часцей за ўсё пост станавіўся нагодай дэманстравання самых сябе перад іншымі, каб паказаць сваю “праведнасць” і “набожнасць”. Езус падкрэслівае, што пост павінен здзяйсняцца ў пакоры, не дзеля паказу сваёй перавагі адносна іншых. Ён кажа: «А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе» (Мц 6, 17-18).

Пост павінен быць сапраўдным актам пакорлівасці перад Богам. У шырокім і практычным значэнні, пост можа быць карысны для здароўя, самадысцыпліны і абароны ад таго, каб мы не сталі рабамі сваіх звычак. Акрамя таго, пост можа дапамагчы нам лепш ацаніць усё, што нас ахінае ў гэтым свеце, як добрага і карыснага, так і таго, што нам шкодзіць. Галоўная ж ідэя посту заключаецца ў тым, што ён павінен быць практыкаваны ў шчырасці і з пакорлівым сэрцам, скіраваны на Бога і дзеля Яго праслаўленне.

Сённяшняе вучэнне Езуса нагадвае нам пра важнасць шчырых намераў у нашых рэлігійных практыках. Мы павінны чыніць міласціну, маліцца і пасціць зыходзячы са шчырых матываў, з чыстым сэрцам і сапраўднай пакорай. Нашае жыццё павінна быць праяўленнем веры ў кожным дзеянні, не дзеля пахвалы ад людзей, а дзеля Божай славы.

Мы павінны памятаць, што сапраўдная духоўная каштоўнасць нашых учынкаў і рэлігійных практык вызначаецца не тым, як яны ўспрымаюцца людзьмі, а тым, як іх бачыць Бог. У гэтым кантэксце словы з кнігі Ёэля са Старога Запавету дапаўняюць і падсумоўваюць гэтыя думкі: «Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне, і навярніцеся да Пана Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, доўгацярплівы і шматміласцівы, неахвочы да пакарання» (Ёэл 2, 13).

Езус нагадвае нам пра важнасць шчырых намераў у нашых рэлігійных практыках. Міласціна, малітва і пост павінны здзяйсняцца з пакорлівасцю, а не напаказ і дзеля самаўзвышэння. Сапраўдная духоўная каштоўнасць нашых учынкаў вызначаецца не тым, як яны ўспрымаюцца людзьмі, а тым, як іх бачыць Бог. Давайце старацца рабіць усе нашы добрыя справы з чыстым сэрцам, з сапраўднай любоўю і пакорлівасцю перад Богам. Толькі тады нашы дзеянні будуць мець сапраўдную духоўную каштоўнасць і прынясуць нам сапраўдную ўзнагароду ад Айца нашага, які ў нябёсах.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Сяргей Сурыновіч

для друку для друку