Калі гаворка заходзіць пра кіна- і тэлеадаптацыі літаратурнай класікі, кнігі можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: экранізаваныя шматкроць і тыя, якіх экранізацыі быццам абыходзяць бокам. Пэўным здзіўленнем для мяне стала, што да апошніх можна аднесці і славуты раман Эрыха Марыі Рэмарка «На Заходнім фронце без пераменаў». Кніга пераносілася на экраны толькі двойчы, і навіна пра здымкі сучаснай нямецкай версіі не магла пакінуць аматара кіно абыякавым. Карціна Эдварда Бергера стала першай экранізацыяй рамана за сорак з лішкам гадоў, і ўвогуле першай – на радзіме пісьменніка.
1914 год. Свет ахоплівае кровапралітная вайна. Пад дзеяннем патрыятычнай прапаганды старшакласнік Паўль Боймер разам са сваімі сябрамі адпраўляецца на фронт добраахвотнікам. Натхнёныя праніклівымі прамовамі, юнакі гараць імкненнем перамагчы ворага і ўпэўненыя, што на фронце іх чакаюць слаўныя перамогі і ўзнагароды за праяўлены гераізм. Аднак ваенная рэальнасць аказваецца далёкай ад юнацкіх мрояў. Хлопцы сутыкаюцца са страшнай рэчаіснасцю акопных будняў, паўсюднай жорсткасцю і смерцю. Патрыятычная эйфарыя ў момант выпараецца, пакідаючы месца горкаму расчараванню і паступоваму разуменню, што яны толькі пешкі ў чыёйсьці жорсткай гульні.
Карціна моцна падзяліла аматараў кнігі. Побач з хвалебнымі водгукамі можна было пачуць і нямала глыбока расчараваных галасоў, якія скардзіліся на адыход ад першакрыніцы. Фільм і сапраўды няшчадна абразае некаторыя сюжэтныя лініі, часам мяняе фокус гісторыі ці істотна дапаўняе сваімі дэталямі. Агульным месцам, аднак, стала прызнанне бездакорнай прыгажосці гэтай карціны, якая ў поўную моц выкарыстоўвае сродкі кінематографа дзеля данясення сваёй галоўнай думкі.
Услед за кнігай Эдвард Бергер ставіць у галаву вугла глыбокі антываенны пасыл. Так, шэраг пачатковых сцэн паказвае шлях ваеннай формы ад забітага салдата да навабранца. Пасля пахавання загінулых адзенне збіраюць у вялікія мяхі і грузавікамі перапраўляюць назад, у тыл. Там адмываюць ад крыві, зашываюць дзіркі ад куль і перасылаюць у прызыўны цэнтр, каб экіпіраваць новых добраахвотнікаў, якія яшчэ не здагадваюцца, што іх чакае.
Сама кампазіцыя фільма, дзе толькі некалькі хвілін прысвечана патрыятычнаму запалу, а астатнія дзве гадзіны – жахам акопнага жыцця, ужо гаворыць пра непамерную цану мімалётнай афектацыі. На тую ж мэту іграе і яркі кантраст кадраў некранутай велічнай прыроды і сцэн ваенных будняў, дзе людзі гадамі патанаюць у брудзе і ў большасці сваёй там і застаюцца. Фільм поўніцца выдатнымі візуальнымі прыёмамі, сімваламі і вобразамі. Адным з такіх вобразаў і становіцца чалавек у брудзе. Падчас страшнага бою героі выкачваюцца ў гразі да такой ступені, што ўся іх форма і нават твары становяцца пакрытымі пластом наліплай зямлі. І вось ужо нішто не адрознівае свайго ад чужога, немца ад француза, дый проста чалавека ад чалавека.
Часам здараецца так, што добры фільм пераходзіць у статус выдатнага і ледзь не геніяльнага дзякуючы адной маленькай дэталі, аднаму штрыху. І гэта якраз той выпадак. Добра напісаны, зрэжэсіраваны, сыграны і зняты, гэты фільм застаўся б проста моцнай антываеннай драмай, калі б не музычны лейтматыў з трох злавесных акордаў. Музыка то палохае, то грыміць, як рух агромністай непаваротлівай машыны, то прыглушвае, то аддаляе, як прадвесце страшнай навальніцы… Такое спалучэнне гукаў пераследуе герояў, узнікае ў самых нечаканых момантах, уступае ў дысананс з іншымі гукамі і заглушае іх. Яно не агучвае адмыслова нейкія драматычныя падзеі, не папярэднічае пэўнай бітве ці трагедыі, гэта проста халодны і бесстаронні поступ вайны. І гэта робіць стужку незабывальнай.
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!