Фільм “Білі Эліят”

Ці проста быць чалавекам, якому цесна і няўтульна там, дзе ён жыве? З якімі выпрабаваннямі сутыкаецца падлетак, калі яго планы на жыццё зусім не такія, як у бацькоў і грамадства? Як мара ператвараецца ў мэту? Гэтыя і шмат іншых няпростых тэм асвятляюцца ў фільме “Білі Эліят” (англ.: Billy Elliot).

Кінастужка пабачыла свет у 2000 годзе. Прататыпам галоўнага героя стаў знакаміты брытанскі танцор Філіп Мослі. Ён нарадзіўся ў горадзе Барнслі (Ёркшыр) у сям’і, цесна звязанай з вугальнай прамысловасцю. Яго старэйшы брат працаваў шахцёрам і ўдзельнічаў у знакамітай забастоўцы 1984–1985 гадоў.

Хлопец марыў пра танцы і, прайшоўшы “праз церні да зораў”, стаў удзельнікам трупы каралеўскага балета Вялікабрытаніі. Між іншым, балету Філіп Мослі прысвяціў усё жыццё: спачатку быў сольным танцорам, а потым працаваў на адміністрацыйных пасадах. Сёння ў свае амаль 60 гадоў ён застаецца галоўным каардынатарам трупы і часам выходзіць на сцэну ў якасці характэрнага героя.

Але вернемся да сюжэту кінастужкі. Падзеі распачынаюцца ў 1984 годзе. Невялікі брытанскі шахцёрскі горад, жыхары якога перажываюць цяжкасці забастоўкі. Сям’я Білі Эліята – не выключэнне. Бацька Джэкі і старэйшы брат Тоні працуюць у шахце, а ў гэты час распачынаецца сапраўдны сацыяльна-палітычны крызіс.

Глядач бачыць не проста мужчын, якія не могуць хадзіць на працу і атрымліваць заробак. Яны стаяць на парозе беднасці, атрымліваюць ежу ў сацыяльнай сталоўцы і разбіваюць на дровы піяніна – адзіны напамін пра памерлую маці.

Бацька і брат хлопчыка думаюць, што Білі наведвае секцыю па боксе. Гэта адпаведны спорт для брутальнага шахцёра. А вось сам хлопец захапляецца танцамі.

Аднойчы на Білі звяртае ўвагу харэограф місіс Сандра Уілкінсан. Вобраз жанчыны-настаўніцы вельмі яркі і глыбокі. На першы погляд, перад намі суровы і скандальны чалавек, а потым высвятляецца, што дзесьці ўнутры Сандра хавае неверагодную чуласць і жыццёвую трагедыю.

Напачатку жанчына ўспрымае сітуацыю як дзіўнае дзіва: адзіны хлопец сярод маладых балерын. Але з цягам часу яна бачыць у Білі ўнікальны талент, яркую энергетыку і прапаноўвае займацца індывідуальна з мэтай паступіць у школу каралеўскага балета. Трэба заўважыць, што заняткі для місіс Уілкінсан – гэта не проста шлях да спазнання няздзейсненай мары, але і магчымасць забяспечыць будучыню маладому хлопцу і вырваць яго з галечы.

Білі становіцца старанным вучнем з вялікай таямніцай: ніхто апроч місіс Уілкінсан і яе балерын не ведае пра яго танцавальныя намаганні і пра тое, што адкрыць таямніцу брату і бацьку, – гэта сапраўдная катастрофа.

Джэкі, Тоні і Білі Эліятам давядзецца пераадолець не толькі сямейныя непаразуменні, але і ўласныя стэрэатыпы. Як гэта ў іх атрымаецца – пабачыце падчас прагляду.

Дарэчы, у 2001 годзе фільм быў намінаваны на прэмію “Оскар” адразу ў трох намінацыях і атрымаў чатыры галоўныя ўзнагароды Брытанскай незалежнай кінапрэміі.

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку