Ліпень — месяц асаблівай малітвы. А якой?

Май, як вядома, прысвечаны Панне Марыі, чэрвень — Сэрцу Езуса, але ў ліпені малітоўна ўспамінаем Найдаражэйшую Кроў Пана.

Як гэта пачалося?

У 1960 г. Папа Ян XXIII абвясціў Апостальскі ліст «Inde a Primis» аб распаўсюджванні набажэнства да Найдаражэйшай Крыві нашага Пана Езуса Хрыста. Такім чынам, Святы Айцец заахвоціў вернікаў зрабіць Кроў Хрыста тэмай сваіх пабожных разважанняў у ліпені.

«Няхай разважаюць над неверагодна багатай і неспасціжнай каштоўнасцю гэтай сапраўды каштоўнай Крыві», — напісаў Папа і нагадаў пра сем момантаў, у якія Езус праліў сваю Кроў.

1. Абразанне

У юдаізме абразанне — гэта рэлігійны парадак, які паходзіць, як сказана ў Бібліі, ад прабацькі Абрагама. Кожны нашчадак мужчынскага полу павінен быць абрэзаны, як правіла — на восьмы дзень пасля нараджэння. Гэты звычай быў звязаны і з даваннем імёнаў хлопчыкам.

«Кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні» (Лк 2, 21).

Астатнія шэсць момантаў паходзяць з апісання Мукі Пана.

2. Малітва на Аліўнай гары

(…) маліўся такімі словамі: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца». З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго. І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю» (Лк 22, 42-44).

3. Бічаванне

«Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне» (Мц 27, 26).

4. Увянчанне шыпамі

«Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. Падыходзілі да Яго і казалі: «Вітай, кароль юдэйскі!» І білі Яго па твары» (Ян 19, 1–3).

5. Крыжовы шлях

«Несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота» (Ян 19, 17).

6. Укрыжаванне

«Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну»» (Ян 19, 28).

7. Прабіты дзідай бок

«Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 33-34).

Акрамя разважання над урыўкамі са Святога Пісання, мы таксама можам асаблівым чынам ушаноўваць Кроў Хрыста, чытаючы Літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста, зацверджаную Папам Янам XXIII у 1960 г. Варта дадаць, што адным з найвялікшых шанавальнікаў Крыві Хрыста быў святы Гаспар дэль Буфала, які ў 1815 г. заснаваў Кангрэгацыю Місіянераў Крыві Хрыста.

Па матэрыялах deon.pl

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі