29 верасня смаргонская парафія св. Міхала Арханёла адзначае свой парафіяльны адпуст. У гэтым годзе ўрачыстасць была асаблівым чынам спалучана са святкаваннем 520-годдзя з дня заснавання гэтай парафіі ў г. Смаргонь. Аднак і гэта не было найважнейшай падзеяй. Кульмінацыяй стала ўрачыстая кансэкрацыя новага эўхарыстычнага алтара святыні. Апошні кансэкраваны алтар быў у смаргонскім касцёле знішчаны атэістычнымі ўладамі пасля вайны, таму гэты акт асвячэння новага ахвярніка з’яўляецца асаблівай данінай справядлівасці храму, які так шмат цярпеў, а сёння, паўстаўшы з руін, лунае над горадам.
Алтар – гэта стол ахвярапрынашэння і гасціны, на якім святар, прадстаўляючы Хрыста Пана, здзяйсняе тое ж, што Хрыстус наказаў рабіць вучням на свой успамін. Паколькі пры алтары ўшаноўваецца ўспамін Пана, а верным удзяляецца Яго Цела і Кроў, то Касцёл бачыць у алтары знак самога Хрыста. Адтуль і паходзіць сцверджанне: “Алтар з’яўляецца Хрыстом”. У касцёле павінен быць толькі адзін алтар, умацаваны з падлогай і нерухомы. Мэнса — пліта алтара, павінна быць выканана з натуральнага камня. Над алтаром нельга змяшчаць выявы святых і анёлаў. У алтары ўмуроўваюцца рэліквіі святых мучанікаў на знак таго, што ўсе ахрышчаныя ў смерць Хрыста, а найперш тыя, хто праліў сваю кроў за Пана, удзельнічаюць у муцы Хрыста і Яго Найсвяцейшай Ахвяры.
Перад распачаццем святой Літургіі, сабраныя вернікі прывіталі прыбыўшага на ўрачыстасць дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага. Пасля традыцыйнага беларускага хлеба ды солі на прывітанне, біскуп падышоў пад вежу касцёла, дзе адбылася малітва асвячэння новай сістэмы званоў, якую вернікі падаравалі касцёлу на юбілей. Узняўшыся на вежу, іерарх тройчы ўдарыў у звон, які мянаваны ў гонар св. Міхала Арханёла, пасля чаго ўсе прысутныя маглі пачуць радасны перазвон касцёльных званоў.
Урачыстая св. Імша распачалася ў паўзмрочным касцёле. Асвятленне і запальванне ўсіх свечак адбылося толькі пасля кансэкрацыі “сэрца святыні” — алтара. На пачатку іерарх акрапіў святой вадой сцены касцёла, алтар і вернікаў. Пасля, падчас гаміліі, прыблізіў сабраным сімволіку і сутнасць алтара.
Пасля ўсеагульнага вызнання веры распачаўся чын кансэкрацыі алтара Эўхарыстыі. Спачатку вернікі заспявалі Літанію да ўсіх святых, просячы заступніцтва жыхароў Неба для сваёй парафіі. Пасля біскуп Юрый уклаў у алтар рэліквіі бл. мучаніка Стэфана Шандора. Чын ускладання рэліквій мучаніка становяцца паўтарэннем слоў св. Яна Евангеліста з кнігі Апакаліпсіса: “Я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі”.
Пасля таго, як рэліквіі і капсула з дакументам аўтэнтычнасці рэліквій і актам асвячэння алтара, падпісаным біскупам і пробашчам парафіі, былі замураваныя ў алтар, іерарх прамовіў малітву і намасціў каменную пліту (мэнсу) алтара святым алеем. Намашчэнне алтара алеем-хрызмай, які благаслаўляецца біскупам у Вялікі чацвер, становіцца сімвалам Хрыста, які перад усімі быў намашчаны і гэтак названы. Айцец намасціў Яго Духам Святым і ўстанавіў Найвышэйшым Святаром, які на алтары свайго Цела прынёс у ахвяру сваё жыццё дзеля збаўлення ўсіх.
Пасля намашчэння на алтарную пліту была пастаўлена кадзільніца з распаленымі вуглямі для акаджэння. Гэты знак паказвае, што ахвяра Хрыста, якая пастаянна ажыццяўляецца ў таямніцы, уздымаецца да Бога як прыемны водар. Гэтым таксама выяўляецца, што малітвы вернікаў, поўныя просьбаў і падзякі, даходзяць да Божага трона. Пасля акаджэння вернікі парафіі апранулі алтар у тры белыя абрусы, паставілі кветкі і свечкі, якія пад гук званоў былі запалены і адбылося асвятленне храма.
Пасля акту кансэкрацыі, была асвечана дубовая алтарная настава з абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, які намаляваў мастак Вячаслаў Аўгусціновіч. У дар парафіі вернікі прынеслі прад алтар новую харугву ў гонар св. Міхала Арханёла.
На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася тэафарычная працэсія па вуліцах горада. А пасля яе, сабраныя на касцёльным дзядзінцы вернікі былі сведкамі асвячэнне новай фігуры св. Міхала Арханёла, якая была ўсталявана ля смаргонскага храма. Аўтарам скульптуры стаў Вадзім Мацкевіч, які прадставіў Арханёла, як пераможнага ваяра Божай любові, які замест зброі трымае ў руцэ харугву-крыж – адзіную зброю вучняў Хрыста.
кс. Артур Ляшнеўскі SDB
