Разважанне на VI Велікодную нядзелю. Год А

Евангелле Ян 14, 15–21

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшальніка, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе.

Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень спазнаеце, што Я ў Айцу Маім і вы ўва Мне, і Я ў вас.

Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго і аб’яўлюся яму.

Сённяшняе Евангелле ўтрымлівае ў сабе два фундаментальныя абяцанні Езуса вучням, якія звернуты таксама і да кожнага з нас: “будзеце захоўваць Мае запаведзі” і “дасць вам іншага Суцяшальніка, каб быў з вамі навекі, Духа праўды”.

Любоў да Езуса неаддзельная ад захавання запаведзяў: “калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі”, “хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне”. Любоў да Хрыста нельга ўявіць памінаючы любоў да бліжняга, яна заўсёды накіраваная да іншага чалавека, а дарогай жа любові бліжняга і ў сваю чаргу Езуса з’яўляюцца запаведзі. Гэтая любоў не вычэрпваецца і не рэалізуецца толькі і выключна ў асаблівых адносінах да Збаўцы, ці пачуццях і эмоцыях, яна заўсёды дзейсная, патрабуе высілку і актыўнасці, гатоўнасці ісці Яго шляхам. Езус кажа: “як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго”.

Мы не пачуем ад нашага Збаўцы слоў і заклікаў: “любіце мяне, як Я палюбіў вас”, але “любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас”. Ён любіць нас, не просячы аб любові ўзамен. Яго любоў – бескарыслівая і ахвярная. Ён жадае, каб Яго любоў стала нашая асабістай формай, стылем і спосабам жыцця.

Дух жа святы дапамагае нам крочыць у любові дарогай запаведзяў, разумець сапраўдны сэнс слоў Хрыста і жыць імі. Божае слова дадзена нам як Слова жыцця, — перамяняе, абнаўляе ды ўзмацняе нас, аздараўляе ды мае на мэце прабачэнне. Суцяшальнік – дар Бога, Дух святы – сам Бог, які дапамагае нам быць свабоднымі людзьмі, асобамі, якія прагнуць і ўмеюць любіць, якія зразумелі, што жыццё – гэта місія абвяшчэння Добрай Навіны і Божых спраў, якія Пан чыніць у тых, хто давярае Яму ды захоўвае Яго запаведзі.

Няхай Багародзіца, узор Касцёла, які слухае Божае слова і прымаць дар святога Духа, дапаможа нам жыць у любові, ісці дарогай захавання запаведзяў ды вернасці Богу.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку